Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмяніў загад Міністэрства інфармацыі аб прыпыненьні выхаду газэты “Время”


Альгерд Невяроўскі, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі адмяніў загад Міністэрства інфармацыі аб прыпыненьні на тры месяцы выхаду незалежнага тыднёвіка “Время”. Прадстаўнікам рэдакцыі ўдалася даказаць у судзе, што яны не парушалі Закону аб друку, а загад міністра Русакевіча быў незаконны.

Загад аб прыпыненьні выхаду газэты “Время” быў выдадзены 24 жніўня на падставе ліста з пракуратуры. У ім сьцьвярджалася, што з 1 чэрвеня 2004 году прадпрыемства выдавецкі дом “Время” зьмяніла свой юрыдычны адрас і ў месячны тэрмін не паведаміла пра гэта Міністэрству інфармацыі. А гэта ёсьць парушэньнем Закону аб друку.

Але ў судзе дырэктар выдавецкага дому Генадзь Ананьеў і ягоны прадстаўнік Андрэй Бастунец прадэманстравалі дакумэнт, паводле якога і 1 чэрвеня, і наступныя два месяцы рэдакцыя газэты і прадпрыемства знаходзіліся па юрыдычным адрасе, пазначаным у ліцэнзіі. Юрысты Міністэрства інфармацыі прызналі загад незаконным, і судзьдзя Аркадзь Сусла яго адмяніў. Пасьля працэсу Генадзь Ананьеў сказаў:

(Ананьеў: ) “Я лічу, у наш час гэта трэба мець мужнасьць, і судзьдзя яе праявіў”.

А вось меркаваньне Андрэя Бастунца:

(Бастунец: ) “ З аднаго боку, цяжка было ўявіць, што рашэньне можа быць іншым. А з другога боку, апошні час, на жаль, мы з такім вялікім напружаньнем слухаем гэтыя пастановы ў самых розных судовых працэсах, што пакуль яна не прагучала, нельга было быць ні ў чым упэўненым”.

Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі камэнтаваць судовае рашэньне адмовіліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG