Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым вінаватыя рэдактары беластоцкай “Нівы” і хто хоча дыскрэдытаваць беларусаў Польшчы?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Беластоку працягваецца сьледзтва ў справе меркаваных парушэньняў справаводзтва ў рэдакцыі тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”, які выдаецца ад 1956 году. Разам зь “Нівай” былі скантраляваныя і школы зь беларускай мовай навучаньня на Беласточчыне. Некаторыя беларускія дзеячы гавораць аб адкрытым наступе на беларускую меншасьць. Пра акалічнасьці справы вакол “Нівы” распавядае наш варшаўскі карэспандэнт.

У чэрвені 2003 году ў рэдакцыі “Нівы” прайшла фінансавая праверка, у выніку якой былі знойдзеныя парушэньні ў справаводзтве.

Выдаўцоў “Нівы” абвінавацілі ў тым, што яны выдалі бюджэтныя сродкі не ў вызначаны тэрмін. Справа ў тым, што ў 2001 годзе датацыя на выданьне газэты зь Міністэрства культуры прыйшла ў красавіку, і, паводле правілаў, павінна была цалкам быць выдадзеная да канца кастрычніка. Значыць, цягам амаль 6 месяцаў да наступнай датацыі газэта заставалася б бяз грошай.

Але “Ніва” выходзіць цэлы год – увесь час трэба аплачваць друк, памяшканьне рэдакцыі, ганарары, тэлефон і гэтак далей.

Менавіта спробы палагодзіць жыцьцё з патрабаваньнямі інструкцыяў і прывялі да бугальтарскіх парушэньняў, якія, і гэта прызналі кантрольныя органы, не былі накіраваныя на крадзеж сродкаў, а на тое, каб забясьпечыць бесьперапынны выхад газэты.

Звычайна, за такія парушэньні вызначаюцца нязначныя адміністрацыйныя пакараньні, аднак гэтым разам аўтар праверкі – Беластоцкі аддзел Найвышэйшай кантрольнай палаты – нечакана накіраваў справу ў пракуратуру.

Гаворыць прафэсар Яўген Мірановіч – былы старшыня Праграмнай рады тыднёвіка “Ніва”.

(Мірановіч: ) “Але, аказваецца, з гэтых бюракратычных справаў Найвышэйшая кантрольная палата зрабіла вялікую крымінальную справу. Перш за ўсё, аб’явілі ў мэдыях, што няправільна былі выдадзеныя каля 170 тысячяў злотых (гэта каля 45 тысячаў даляраў). У сапраўднасьці гэтыя грошы нікуды не зьніклі, толькі яны былі выдадзеныя ў іншым тэрміне, чым было запісана ў дамове зь Міністэрствам культуры. Мы аплачвалі рахункі папярэдняга году, бо трэба было плаціць пакуль чакалі на наступную датацыю. Хаця кантроль і паказаў, што ніводная залатоўка з датацыяў не прапала, была разгорнутая кампанія супраць нас у мэдыях, зь якой можна было атрымаць уражаньне, што здарылася нешта такое, што ледзь не пагражае эканамічнай бясьпецы польскай дзяржавы”.

Прадстаўнікі беластоцкай пракуратуры напачатку аб’явілі, што выдаўцам тыднёвіка пагражае да 8 гадоў турэмнага зьняволеньня, потым адмовіліся ад гэтых словаў, а пазьней на гэтую справу пачалі паволі забывацца. Працягвае Яўген Мірановіч.

(Мірановіч: ) “Але тут раптам на пачатку кастрычніка гэтага году сябры праграмнай рады павінны прыйсьці ў паліцыю ў ролі падазроных. Усё гэта ўспрынялі зь недаверам, але ў паліцыі сказалі, што яны падазраюцца ў няправільным запаўненьні нейкіх рахункавых кніг, якіх яны на вочы ня бачылі. У паліцыі да сябраў рэдактарскай рады паставіліся як да нейкіх злачынцаў, якія абрабавалі банк”.

Цікава, што самі падазроныя дагэтуль дакладна ня ведаюць, у чым менавіта яны абвінавачваюцца. Ня хочуць гэтага патлумачыць і ў пракуратуры.

(Кішло: ) “Я б не хацела пакуль даваць ніякай інфармацыі ў гэтай справе. Калі пракурор, які вядзе справу, скончыць сьледзтва – тады ўсе будуць паінфармаваныя аб выніках гэтага сьледзтва”.

Заявіла нашаму радыё галоўны пракурор пракуратуры Беласток-Поўдзень Бажэна Кішло.

Раней спадарыня Кішло афіцыйна пацьвердзіла, што падазроныя не скралі ніводнай залатоўкі, але (цытую) “у адносінах да часткі асобаў пакараньне за гэтыя дзеяньні не перавысіць двух гадоў пазбаўленьня волі і толькі ў адносінах да двух падазроных пагроза пакараньня больш суровая”.

Цікава, што само Міністэрства культуры – спонсар “Нівы” афіцыйна заявіла, што ніякіх прэтэнзіяў да тыднёвіка ня мае.

Гаворыць прафэсар Алег Латышонак, які цягам двух тэрмінаў быў старшынём рэвізійнай камісіі праграмнай рады тыднёвіка “Ніва”.

(Латышонак: ) “Я быў старшынём рэвізійнай камісіі два тэрміны, якіх тычацца абвінавачаньні, і я ня бачу нічога такога, з чаго б варта было рабіць справу настолькі вялікую і настолькі прыкрую справу. Такія праверкі звычайна канчаюцца нейкімі заўвагамі. Калі падкантрольны орган выканае гэтыя заўвагі ў сваёй працы – няма праблемы, няма пакрыўджанага. Міністэрства культуры ня лічыць сябе пакрыўджаным – заяўляе, што датацыя была выкарыстаная мэтанакіравана. Ніхто не ўкраў ані залатоўкі, а тут да людзей прыходзіць паліцыя – здымаюць адбіткі пальцаў, робяць здымкі як нейкім злачынцам”.

Між тым галоўны рэдактар “Нівы”, Яўген Вапа кажа, што нават мінімальны прысуд для выдаўцоў газэты – а сярод іх прадстаўнікі 8 беларускіх арганізацыяў Беласточчыны, пазбавіць іх далейшых датацыяў на выхад газэты, а таксама магчымасьцяў зьвяртацца па фінансаваньне беларускіх праектаў у Эўразьвяз.

(Вапа: ) “Удар у “Ніву” – гэта удар у беларускія арганізацыі ў Польшчы. І гэта трэба выразна сказаць, таму што зьнікае юрыдычная база, зьнікае нават месца для сустрэчаў – вы бачыце, што ўвесь час да нас тэлефануюць, прыходзяць людзі. Гэта цэнтар беларускага жыцьця, больш такога няма ў такім маштабе. Толькі мы маем памяшканьне з усіх беларускіх арганізацыяў”.

Адметна, што адначасова з кантролем у рэдакцыі “Нівы” Найвышэйшая кантрольная палата пачала правяраць і школы зь беларускай мовай навучаньня.

“Гэтыя праверкі былі заплянаваныя ўжо даўно і ня маюць ніякая сувязі з праверкамі ў “Ніве”, – заявіў Антоні Янухта – кіраўнік беластоцкага аддзяленьня Найвышэйшай кантрольнай палаты.

У выніку, школам прыгадалі, што яны мусяць кожны год зьбіраць ад бацькоў сваіх вучняў заявы, што тыя ня супраць, каб іхныя дзеці вывучалі беларускую мову.

“Але ж у статуце нашай школы запісана, што ўжо факт, што бацькі аддаюць дзяцей да нас азначае, што яны згодныя на вывучэньне беларускай мовы”, – кажа дырэктар гайнаўскага ліцэю Яўген Сачко.

Некаторыя беларускія дзеячы Беласточчыны наўпрост зьвязваюць гэтыя захады з вынікамі перапісу насельніцтва ў Польшчы, што адбыўся два гады таму, а таксама з узмацненьнем перасьледу беларускага руху ў самой Беларусі.

“Відавочна камусьці вельмі хочацца скампрамэтаваць ня толькі нашу эліту, але й усіх беларусаў Польшчы. Запалохаць, каб не ангажаваліся ў аніякую беларускую дзейнасьць, а ў перапісах запісваліся толькі палякамі. Не падабаецца некаторым, што жыве на Беласточчыне сама мала 50 тысячаў чалавек, якія лічаць сябе беларусамі”, – піша галоўны рэдактар “Часопісу” Юрка Хмялеўскі.

“Гэта як нейкае правіла – калі толькі пачынаецца змаганьне зь беларускім рухам у Беларусі, зь невялікім спазьненьнем такі працэс наступае ў Польшчы – так было ў трыццатыя і сямідзесятыя гады мінулага стагодзьдзя”, – зазначае ў “Ніве” Яўген Мірановіч.

(Мірановіч: ) “Перш за ўсё людзі баяцца публічна ўдзельнічаць у беларускіх арганізацыях. Кожны мае сьвядомасьць, што калі іх абвінавацілі, дык і мяне могуць абвінаваціць, хаця я нічога ня скраў. Другая справа – выбары (у Польшчы). Хутка парлямэнцкія выбары, а падазроныя 11 чалавек – гэта людзі, якія заўсёды бяруць удзел у выбарах. Цяпер, з крымінальнай справай за душой, гэта будзе немагчымым. Такім чынам беларуская эліта на Беласточчыне мае ўсе закрытыя дзьверы. Нам няма куды ісьці. Ці гэта было патрэбна? Ня ведаю – цяжка пакуль устанавіць”.

Ды каму ж канкрэтна патрэбная дыскрэдытацыя беларускай грамады ў Польшчы, тым больш што, як зазначае Юрка Хмялеўскі, ворагаў сярод звычайных палякаў у беларусаў з кожным годам становіцца ўсё менш?

(Латышонак: ) “Гэта я сам хацеў бы ведаць. Не магу высьветліць, каму гэта так патрэбна было – заводзіць справу супраць “Нівы”, а праз гэта супраць усяго беларускага асяродзьдзя”.

У Польшчы не адна нацыянальная меншасьць – ёсьць немцы, літоўцы ўкраінцы, але не чуваць, каб нешта падобнае рабілі супраць іншых мяншыняў.

“Літоўцам або ўкраінцам лягчэй, бо за імі стаяць нацыянальныя дзяржавы – Літва, Украіна. За беларусамі ніхто не стаіць, бо Беларусь надалей савецкая, ужо датла русыфікаваная калёнія”, – піша вядомы пісьменьнік Сакрат Яновіч зь Беласточчыны.
XS
SM
MD
LG