Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаве разгарэўся канфлікт вакол знойдзеных на сьметніку рэфэрэндумных бюлетэняў


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Барысаве разгараецца канфлікт вакол знойдзеных на сьметніку у гэтым горадзе бюлетэняў галасаваньня на рэфэрэндуме 17 кастрычніка. Былы барысаўскі кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Віктар Гарбачоў выступіў з ініцыятывай узбуджэньня крымінальнай справы па факце дзіўнай знаходкі. У адказ мясцовая пракуратура распачала ціск на апазыцыйнага экс-кандыдата.

Як паведаміў Віктар Гарбачоў, абнародваньне ў сродках масавай інфармацыі факту знаходкі на мясцовым сьметніку 62 выкарыстаных бюлетэняў галасаваньня на рэфэрэндуме атрымала шырокі розгалас у асяродзьдзі барысаўскай грамадзкасьці. Гэтая грамадзкасьць падштурхнула спадара Гарбачова, каб той заняўся высьвятленьнем абставін зьнікненьня гэтых бюлетэняў.

У адказ экс-кандыдат (Віктар Гарбачоў балятаваўся у дэпутаты ў Барысаўскай акрузе №78 ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі), разам з барысаўскім праваабаронцам Ігарам Леднікам накіравалі супольную заяву ў рэспубліканскую пракуратуру, каб тая ўзбудзіла крымінальную справу, зьвязаную з парушэньнем выбарчага заканадаўства. Адначасова яны афіцыйна паінфармавалі пра гэта і барысаўскую пракуратуру. Рэч у тым, што з факту дзіўнай знаходкі 62 бюлетэняў вынікае лягічны сумнеў у справядлівасьці абвешчаных вынікаў галасаваньня на адным з выбарчых участкаў. У якасьці рэчавага доказу знаходкі аўтары накіравалі ў рэспубліканскую пракуратуру знойдзеныя бюлетэні, але ня ўсе, а толькі частку, а дакладней, 7 бюлетэняў. І вось пасьля гэтага звароту да яго ініцыятараў, як паведаміў мне спадар Гарбачоў, выявіла цікавасьць барысаўская пракуратура.

(Гарбачоў: ) “Узмоцнена імкнуцца высьветліць, дзе знаходзіцца асноўная частка гэтых бюлетэняў. Я напісаў, што, маўляў, прынесьлі выбарцы-добразычліўцы. 62 бюлетэні па рэфэрэндуме і ўсе “супраць”. Апісаў усё як было. А яны высьвятляюць, дзе астатнія бюлетэні. А я кажу, што астатнія бюлетэні не павінны адыгрываць ніякай для вас ролі, паколькі гэта ня клад і я не абавязаны іх вам прадстаўляць. Вам хопіць 7 бюлетэняў, каб даведацца: натуральныя яны ці не. А яны кажуць, давай нам усе, бо ўзбудзім крымінальную справу ў адносінах да цябе па артыкуле 400 “ілжывы данос”.

У барысаўскай пракуратуры паведамілі, што яны пакуль ніякай справы па факце знойдзеных бюлетэняў ня ўзбуджалі. Не атрымала яна пакуль, як вынікае з тлумачэньня старшага памочніка барысаўскага пракурора Ірыны Пашкевіч, і нейкіх указаньняў на гэты конт “зьверху” – з боку рэспубліканскай пракуратуры. Разам з тым, спадарыня Пашкевіч у размове са мной пацьвердзіла, што пытаньне той часткі бюлетэняў, якія не былі прадстаўленыя Віктарам Гарбачовым і Ігарам Леднікам, барысаўскую пракуратуру цікавіць.

(Пашкевіч: ) “Мне перададзеная заява ад імя Гарбачова і Ледніка. Яна зарэгістравана ў пракуратуры афіцыйна. Будзем высьвятляць. Паводзіны Гарбачова вельмі і вельмі незразумелыя. Тыя ж самыя бюлетэні. Дзе яны? Чаму нам яны іх не паказваюць? Пракуратуры, якая мае права і можа гэта праверыць ды ўзбудзіць крымінальную справу інфармацыя не выдаецца. Нам верагодна давядзецца праводзіць нейкія экспэртызы. Калі яны нам выдалі частку, то дзе астатнія?”

Як паведаміў Віктар Гарбачоў, 55 астатніх бюлетэняў раздадзеныя прадстаўнікам розных няўрадавых арганізацый. Такая прапанова зыходзіла ад грамадзкасьці – прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. Чым яна абгрунтавана? Барысаўскі праваабаронца Алесь Абрамовіч патлумачыў гэта такім чынам:

(Абрамовіч: ) “Бо трэба ж праводзіць, магчыма, незалежныя экспэртызы. На дзяржаўныя экспэртызы спадзяваньня няма. Яны могуць запатрабаваць усе бюлетэні, выняць іх і падмяніць. А потым казаць, што гэта паклёп, хлусьня і гэтак далей”.
XS
SM
MD
LG