Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што засьведчылі судовыя працэсы над Жураўковай і Рыбаковым?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 11 лістапада). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: журналіст “Белорусской деловой газеты” Аляксандр Барнатовіч і намесьнік старшыні аб’яднаньня “Альтэрнатыва ХХІ” Сяргей Балыкін.

(Валер Карбалевіч: ) “З самага пачатку крымінальныя справы кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай і кіраўніка дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова набылі скандальную вядомасьць. Таму што яны засьведчылі існаваньне карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах улады. Найбольшую цікавасьць выклікае суд над Жураўковай і ейным атачэньнем. З матэрыялаў сьледзтва і суду вынікае цэлая сыстэма атрыманьня грошай незаконным шляхам. Як і чаму кіраўніцы справаў прэзыдэнту і ейным паплечнікам удавалася красьці вялікія грошы?”

(Аляксандар Барнатовіч: ) “Найперш, хачу адзначыць, што гэта працэс ня толькі над Жураўковай, але над усёй ейнай камандай, якую яна прывяла ў кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. На маю думку, працэс паказаў, што цяпер ва ўладу прыходзяць людзі ня дзеля абароны дзяржаўных інтарэсаў, а дзеля таго, каб зарабіць грошы незаконным шляхам. Намесьнік генэральнага дырэктара фірмы “Белая Русь” Аляксандар Мурашка паведаміў на працэсе, што калі ён прыйшоў на гэтую пасаду, яму адразу паабяцалі, што будзе магчымасьць дадатковага заробку.

Існавала шмат незаконных схемаў заробку дадатковых грошай. Структуры Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта пасьля прыходу Жураўковай падмялі пад сябе ўсе самыя даходныя нішы беларускай эканомікі. Яны вымушалі партнэраў мець справу толькі зь імі. Пры заключэньні кантрактаў гэтым партнэрам у абавязковым парадку прапаноўвалася пералічваць грошы на афшорныя рахункі кіраўнікоў гэтых структураў”.

(Сяргей Балыкін: ) “Гэтыя падзеі сьведчаць пра тое, што ў нашай дзяржаве немагчыма рабіць бізнэс законным чынам. Гэта заўсёды зьвязана з крыміналам, зь неабходнасьцю даваць нейкія грошы чыноўнікам (так званыя “бакавікі”). Працэс над Жураўковай і высьвятляе гэта. Ён таксама высьвятляе, што кіраўнікі справаў прэзыдэнта чамусьці ўвесь час выяўляюцца ня вельмі сумленнымі асобамі. Усё гэта сьведчыць пра тое, што пры гэтай уладзе, пры гэтай сыстэме ў верхніх структурах улады будуць працаваць людзі з крымінальнымі схільнасьцямі”.

(Карбалевіч: ) “Калі судовы працэс над Жураўковай адкрыты, то суд над старшынём Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рыбаковым зрабілі закрытым. Чаму так? Чаго спужаліся ўлады? Што яны хочуць схаваць ад грамадзкасьці?”

(Барнатовіч: ) “Хачу адзначыць, што фактычна схавалі й працэс над Жураўковай. Не дзяржаўныя СМІ, не прэс-служба Вярхоўнага суду не паведамілі аб пачатку гэтага працэсу. Нават на дошку аб’яваў Вярхоўнага суду ня вывесілі адпаведнай аб’явы, што робіцца ва ўсіх іншых справах.

Я патэлефанаваў у прэсавую службу Вярхоўнага суду і пацікавіўся, калі пачнецца гэты працэс. Мне адказалі, што ён павінен пачацца празь некалькі дзён і каб акрэдытавацца, трэба прынесьці паперу ад рэдакцыі. У гэты ж дзень я прынёс паперу ў Вярхоўны суд, і там мне паведамілі, што працэс над Жураўковай ідзе ўжо два дні. Я ўсё ж трапіў на гэты працэс, бо не было ніякіх законных падставаў для адмовы. “Белорусская деловая газета” пачала першай з газэтаў асьвятляць гэты працэс. Пасьля астатнія незалежныя газэты пачалі падрабязна пісаць пра гэты суд, пра тое, што робіцца ў кабінэтах улады.

Менавіта вось гэта і не спадабалася ўладам. І яны зрабілі ўсё, каб тое ж не адбылося з працэсам над Рыбаковым. Пракуратура — нібыта дзеля абароны дзяржаўных сакрэтаў — падала хадайніцтва аб правядзеньні закрытага працэсу.

Цікава, што я, калі адносіў паперу аб акрэдытацыі на працэс Жураўковай, прасіў дазволу прысутнічаць і на працэсе над Рыбаковым. І мне паведамілі, што я буду дапушчаны на абодва працэсы. Але калі ён пачаўся, сказалі, што ён закрыты. Я думаю, улады хаваюць ад народу праўду аб тым, што робіцца ва ўладных кабінэтах”.

(Балыкін: ) “Паводле заканадаўства закрытым працэс можна зрабіць толькі дзеля абароны дзяржаўных сакрэтаў альбо дзеля абароны інфармацыі аб прыватным жыцьці нейкіх асобаў, калі гэта можа мець для іх нэгатыўныя наступствы. У працэсе над Рыбаковым сапраўды могуць быць нейкія дзяржаўныя сакрэты, напрыклад, колькасьць закупленай тэхнікі для тэлебачаньня, бюджэтных грошай, магчыма, грошай з пазабюджэтнага фонду. У нас же тэлебачаньне ня толькі сродак масавай інфармацыі, але і інструмэнт ідэалягічнай працы. Таму і патрэбна нейкая таямніца. І працэс зрабілі закрытым дзеля таго, каб схаваць тайныя скрыжалі беларускай палітыкі”.

(Карбалевіч: ) “З гледзішча беларускага заканадаўства дзяржаўныя субсыдыі на радыё і тэлебачаньне — гэта дзяржаўны сакрэт?”

(Балыкін: ) “Ня столькі субсыдыі, колькі, напрыклад, нейкія тэхнічныя падрабязнасьці ў нашай краіне магчыма зрабіць дзяржаўным сакрэтам”.

(Карбалевіч: ) “Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 годзе Лукашэнка абяцаў знішчыць карупцыю, “разграміць мафіёзныя кляны”. А вось у сераду падчас наведваньня Лагойскай лыжна-спартовай базы кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў нас у будаўнічай галіне існуе мафія. Падчас наведваньня Берасьця ў пачатку году Лукашэнка канстатаваў, што “карупцыя ў Берасьцейскай вобласьці наскрозь паразіла рэгіянальныя структуры ўлады”. Таксама Лукашэнка ацаніў сытуацыю ў Менску падчас справаздачы Менскага гарвыканкаму летам гэтага году. Гэткім чынам кіраўнік дзяржавы пацьвердзіў, што карупцыя існуе ў вышэйшых дзяржаўных установах. Як можна ацаніць гэтыя выказваньні ў зьвязку з згаданымі судовымі працэсамі?”

(Барнатовіч: ) “Так, Лукашэнка перамог на прэзыдэнцкіх выбарах дзякуючы вобразу барацьбіта з карупцыяй. Я думаю, сёньня карупцыя ня толькі ня зьнішчана, а, наадварот, усе больш квітнее. Давайце параўнаем узровень карупцыі тым часам, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, і цяперашнюю карупцыю. Напрыклад, скрынка цьвікоў, у крадзяжы якой Лукашэнка абвінаваціў Шушкевіча, не зраўнаецца ні са справай Жураўковай, ні са справай Рыбакова.

Можна згадаць былога кіраўніка справаў прэзыдэнта Ціцянкова, якога сам Лукашэнка абвінаваціў у крадзяжы мільёнаў даляраў. Але ж гэтыя функцыянэры не выбіраліся народам. Іх прызначаў кіраўнік дзяржавы. Таму пры цяперашняй уладзе карупцыя як была, так і застанецца”.

(Карбалевіч: ) “Хачу нагадаць, што Лукашэнка абвінаваціў у карупцыі й першага кіраўніка справамі прэзыдэнта Сініцына пасьля ягонай адстаўкі”.

(Балыкін: ) “Калі спадар Лукашэнка хоча ўбачыць таго, хто вінаваты ў росквіце карупцыі, ён павінен паглядзець у люстэрка. Бо створаная ім сыстэма якраз спрыяе разьвіцьцю карупцыі. Хоць бізнэс у нас і не забаронены, як у савецкі час, але ён моцна залежыць ад дзяржавы, чыноўнікаў. Тут існуе моцнае дзяржаўнае рэгуляваньне. Існуе шмат нарматыўных актаў, якія супярэчаць адзін аднаму. Існуюць жорсткія санкцыі за невялікія парушэньні.

І ў гэтых умовах узрастае роля чыноўнікаў. Калі ў іх зьяўляецца магчымасьць нешта дазволіць альбо не дазволіць, то гэта падстава для хабару. А Лукашэнка сваімі дзеяньнямі ўвесь час павялічвае ролю чыноўнікаў. Прыкладам можа служыць тое самае будаўніцтва, дзе, паводле Лукашэнкі, нібыта, існуе мафія. Таму што атрымаць дазвол для будаўнічых заказаў немагчыма без дазволу функцыянэраў. А за дазвол патрабуецца падзяка. Карупцыі спрыяюць таксама адсутнасьць галоснасьці, адкрытасьці”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, судовыя працэсы над Жураўковай і ейным атачэньнем і над Рыбаковым засьведчылі карумпаванасьць вышэйшых дзяржаўных структураў краіны. Аляксандру Рыгоравічу не ўдалося выканаць свае перадвыбарчыя абяцаньні, пра што ён неаднаразова шчыра і прызнаваўся”.
XS
SM
MD
LG