Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1623 годзе ў Віцебску забіваюць уніяцкага арцыбіскупа Я.Кунцэвіча


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 12 лістапада.

Цэнтральная падзея беларускай гісторыі, што прыпадае на 12 лістапада – гэта забойства ўніяцкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча ў Віцебску ў 1623 годзе. Кунцэвіч стаў сымбалем і галоўным правадніком Берасьцейскай царкоўнай уніі, якая мусіла аб’яднаць беларусаў праваслаўных і беларусаў каталікоў у адзіную царкву. У Віцебску арцыбіскуп сустрэў жорсткі супраціў з боку праваслаўных і быў забіты. У 1867 годзе Язафата Кунцэвіча абвясьцілі сьвятым.

12 лістапада 1823 году нарадзіўся Павал Шпілеўскі, беларускі этнограф і пісьменьнік. Напісаныя таленавітым пяром кнігі Шпілеўскага застаюцца галоўнымі крыніцамі нашых ведаў пра Беларусь увогуле і пра Беларусь 19-га стагодзьдзя ў прыватнасьці.

Таксама 12 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускія пісьменьнікі і драматургі Міхайла Грамыка і Андрэй Макаёнак.

12 лістапада 1933 году ў Нямеччыне на рэфэрэндуме 95% насельніцтва краіны ўхвалілі палітыку Адольфа Гітлера.

Зараз – пра каляндар заўтрашняе суботы.

13 лістапада ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень сьляпых. Ён прымеркаваны да дня нараджэньня ў 1745 годзе ў Францыі пэдагога Валянціна Гаюі, які заснаваў некалькі школ і прадпрыемстваў для сьляпых.

13 лістапада 1915 году ў Вільні адкрылася першая беларуская пачатковая школа. Заснавала яе Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Маршалкам Таварыства быў Вацлаў Іваноўскі, а ягонымі намесьнікамі – Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Неўзабаве такіх школак будуць адкрытыя дзясяткі, а праз чатыры гады пачне працу славутая Віленская беларуская гімназія.

13 лістапада 1836 году нарадзіўся Яраслаў Дамброўскі – адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, які па дарозе на катаргу ў Сыбір здолеў уцячы, апынуўся ў Парыжы, стаў генэралам Парыскай камуны, гэта значыць, кіраваў усімі войскамі Камуны, і загінуў у баі з вэрсальцамі. Жыцьцё Дамброўскага – гэта ўвасабленьне закліку “За нашу і вашу волю“.

Сярод іншых знакамітых асобаў, што прыйшлі на сьвет 13 лістапада ў розныя гады, згадаем сёньня ангельскага фізыка Джэймса Максвэла, які прыдумаў электрадынаміку, ангельскага пісьменьніка Робэрта Стывэнсана, які напісаў раман пра вядомы ўсім са школьных гадоў «Востраў скарбаў», і расейскага рэвалюцыянэра Міхаіла Петрашэўскага.

Між іншым, апошні паходзіў са старой беларускай шляхты і меў поўнае прозьвішча – Буташэвіч-Петрашэўскі. У літаратуры ён застаўся сваім аўтарствам «Кішанёвага слоўніка замежных словаў», а ў гісторыі – сваім гуртком петрашэўцаў – сходкамі інтэлігенцыі на кватэры Петрашэўскага, дзе з ухвалаю абмяркоўвалі ідэі ўтапічнага сацыялізму. За гэта Петрашэўскага прысудзілі да сьмерці, але пасьля адправілі на катаргу ў Сыбір, адкуль ён ужо не вярнуўся.
XS
SM
MD
LG