Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 12 лістапада


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 12 лістапада.

“Сялянская праўда”, 1924 год:

“Як ведама, вялейскі вастрог — нават сярод польскіх — славіўся сваім парадкам… І вось — прыпадак выкрыў адну з прычын гэтай славы. Газэты падалі вестку, што адзін з вастрожных начальнікаў, нейкі Стэльмашэвскі, — кокаініст — забіў ў прыпадку нэрвовага раздражэньня мясцовую жыдоўскую дзяўчыну, Элькановіч, якая не адказвала яму на яго любоў… Пасьля забойства сваёй ахвяры турэмны дазорца стрэліў сабе ў вісок… І вось гэтаму кокаіністу былі адданы ў рукі ўсе тыя палітычныя і іншыя вязьні, якімі бітком набіты вялейскі вастрог…”

“Камунар Магілеўшчыны”, 1934 год:

“Па даных цэнтральнай выбарчай камісіі 10 лістапада ў 24 раёнах рэспублікі абрана 2670 членаў сельсоветаў, у тым ліку 639 жанчын — 23,7 проц. Калгаснікаў абрана 2024 чалавекі — 79 проц. Сельгасрабочых 120 або 5 проц. Комуністаў 11,5 проц., комсамольцаў — 5,5 проц. Актыўна праходзяць перавыбары ў перадавым Яронкаўскім сельсовеце Оршанскага раёна. Наведванне выбаршчыкамі сходаў перавышае 95 проц. Актыўна ўдзельнічаюць у перавыбарах жанчыны Лагойскага раёна. Па ўсіх выбарчых участках у кожную дзесяцідворку вылучана актывістка, адказваючая за яўку жанчын”.

“Вечерний Минск”, 1974 год:

“Чытач Батвіньнік пытаўся, ці правільна гэта, што ў краме №29 Цэнтральнага райхарчгандлю яму не прадалі 0,5 кг. крупаў. Як паведаміў дырэктар Цэнтральнага райхарчгандлю тав. Лях, у цяперашні час у асноўным бакалейныя тавары паступаюць у крамы ва ўпакоўцы на 1 кіляграм. На жаданьне пакупнікоў гэтыя тавары разважваюцца. Загадчыцы крамы №29 Панкратавай дадзена ўказаньне давесьці да ведама ўсіх прадаўцоў парадак водпуску тавараў”.
XS
SM
MD
LG