Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона FM эфіру для некаторых беларускіх гуртоў існуе ў вуснай форме, па тэлефоне “зьверху”


Галіна Абакунчык, Менск У сядзібе Таварыства беларускай мовы адбылася сустрэча сяброў клюбу прыхільнікаў забароненых беларускіх гуртоў з удзельнікамі акцыі “Штурм FM”, музыкамі й ды-джэямі.

“Штурм FM” – гэта тэлефанаваньні на адну з менскіх FM-радыёстанцыяў з просьбай паставіць у эфір песьню беларускіх музыкаў. Арганізатарам акцыі выступіла моладзевая ініцыятыва “Вока”. Разам зь іншымі ўдзельнікамі сустрэчы яны абмеркавалі сытуацыю, калі адзін з ды–джэяў “Альфа Радыё” адмовіўся ўключаць беларускую музыку й нетактоўна выказаўся на адрас заяўнікаў.

У першы ж дзень акцыі “Штурм-ФМ” ды-джэй “Альфа-радыё” Вячаслаў Бандарэнка адмовіўся выканаць просьбу слухача й выказаў свае адмоўныя адносіны да беларускай музыкі й мовы. Аднак ён прыйшоў на сустрэчу з удзельнікамі акцыі, каб выказаць прабачэньне й шкадаваньне за свае паводзіны.

(Бандарэнка: ) “Я цалкам на вашым баку й вельмі хачу, каб гэта быў першы й апошні выпадак, каб на мне гэта ўсё й закончылася”.

А лідэр гурту “J_Мors” Раман Арлоў давёў, што ня ўсе беларускія кампазыцыі адпавядаюць тэхнічным патрабаваньням для гучаньня ў FM-эфіры.

З гэтым пагадзіліся ўдзельнікі й арганізатары “Штурму”, у тым ліку Віталь Супрановіч зь Беларускай музычнай альтэрнатывы, які сказаў наступнае:

(Супрановіч: ) “Вельмі добра, што гэтая сытуацыя выправілася. І тое, што адбылося зь першай станцыяй паказвае, што да “Штурму” трэба падыходзіць вельмі асьцярожна. Але я падтрымліваю гэтую акцыю”.

Адной з прычынаў адсутнасьці у эфіры беларускамоўных кампазыцыяў кіраўніцтва “Альфа-радыё” назвала забарону на гучаньне шэрагу беларускіх гуртоў. Вось што на гэта сказаў Вячаслаў Бандарэнка.

(Бандарэнка: ) “Ніякіх афіцыйных дакумэнтаў на гэты выпадак няма. Ёсьць вусныя рэкамэндацыі, якія даюцца па тэлефоне, якія, тым ня менш, усе выконваюць. Гэта тое, што ведаю я”.

Паводле спадара Бандарэнкі, хто дае гэткія рэкамэндацыі, яму не вядома. Сябры ініцыятывы “Вока” заяўляюць, што будуць працягваць акцыю “Штурм FM”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG