Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсмэна дапытваюць за тое, што ён купіў шматтысячны наклад кнігі “Выпадковы прэзыдэнт” і ня хочуь вяртаць кнігі


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менскі гарадзкі аддзел міліцыі быў выкліканы лідэр грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка. Праваахоўныя органы запатрабавалі ад яго афіцыйнага тлумачэньня мэты набыцьця шматтысячнага накладу кнігі Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”.

Менская міліцыя, паводле Анатоля Шумчанкі, выконвала даручэньне Віцебскай раённай пракуратуры:

(Шумчанка: ) “Я быў з Гары Паганяйлам, які прадстаўляе мае інтарэсы. І адказаў на тыя пытаньні, якія даслала пракуратура Віцебскага раёну. А менавіта: ці ведаў я пра зьмест кніг, для чаго везьлі, для якіх мэтаў? Я сказаў, што набываў усё гэта за свае сродкі. 9 тысяч асобнікаў”.

Затрыманьне гэтага шматысячнага накладу кнігі “Выпадковы прэзыдэнт” адбылося яшчэ 8 кастрычніка ля вёскі Бабінічы Віцебскага раёну. Паводле спадара Шумчанкі, нягледзячы на наяўнасьць дакумэнтаў на транспартаваньне кніг, увесь наклад затрымалі й не вяртаюць да гэтага часу.

Як вынікае з тлумачэньняў супрацоўніка Віцебскай пракуратуры Сяргея Ерашова, зараз два асобнікі праходзяць лінгвістычную экспэртызу. І прадметам увагі дзяржаўных экспэртаў выступае назоў кнігі – “Выпадковы прэзыдэнт”. Сёньня лідэр “Пэрспэктывы” заявіў праваахоўным органам пратэст:

(Шумчанка: ) “Ніякіх законных абставін затрыманьня і захаваньня гэтых кніг у Віцебску я не знаходжу. Таму прашу іх вярнуць для таго, каб распаўсюдзіць у школьных бібліятэках, у дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, а таксама ў звычайных бібліятэках, каб народ чытаў пра свайго першага прэзыдэнта”.
XS
SM
MD
LG