Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва сталася першай краінай, якая ратыфікавала новую Канстытуцыю Эўразьвязу


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня на пленарным пасяджэньні літоўскі парлямэнт ратыфікаваў Канстытуцыю Эўрапейскага Зьвязу. За закон адносна ратыфікацыі Канстытуцыі Эўразьвязу галасавалі 84 парлямэнтары, супраць было 4 галасы і трое устрымаліся. Дзеля ратыфікацыі былі патрэбныя ня меней за 57 галасоў. Вынікі галасаваньня парлямэнтары віталі воплескамі – Літва сталася першай краінай эўрапейскай супольнасьці, якая ратыфікавала эўрапейскую канстытуцыю.

Паводле віцэ-старшыні Сойму Часлава Юршэнаса, гэткім чынам парлямэнтары паставілі «вялікую і прыгожую кропку» сваёй кадэнцыі, паколькі менавіта сёньня – апошні дзень працы Сойму Літвы цяперашняй кадэнцыі.

Адкласьці галасаваньне адносна эўрапейскай Канстытуцыі прапаноўвала фракцыя цэнтрыстаў і лібэралаў, каб грамадзкасьць мела болей часу пазнаёміцца з тэкстам.

Канстытуцыя Эўразьвязу была падпісаная у Рыме 29 кастрычніка, і ў Літоўскім Сойме працэдура ратыфікацыі цягнулася толькі тыдзень.

11 краінаў Эўразьвязу плянуюць рэфэрэндумы адносна ратыфікацыі Канстытуцыі, іншыя будуць галасаваць у парлямэнтах. Канстытуцыя Эўразьвязу будзе дзейнай, калі яе ратыфікуюць усе 25 краінаў супольнасьці.

Літва у якасьці краіны-сябра Эўразьвязу акцэнтуе сваю ролю ў дачыненьнях зь Беларусяй.

Паводле кіраўнікоў Літвы, Беларусь зьяўляецца вельмі важнай краінай у зьнешняй палітыцы Эўразьвязу, і Літва як бліжэйшая суседка заяўляе пра свае памкненьні спрыяць дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам, і працаваць дзеля пашырэньня у бок Усходу прасторы бясьпекі й стабільнасьці ды ўсталяваньня дэмакратычных каштоўнасьцяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG