Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі чыноўнікі патрабуюць, каб замежныя прадпрыемствы падвысілі заробкі да 250 даляраў


Казімер Яноўскі, Гомель Напярэдадні нядаўніх парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка публічна выказаўся наконт падвышэньня ў будучым годзе сярэдняга заробку ў краіне да 250 даляраў. Адпаведныя цыркуляры паступілі ў органы кіраваньня. У прыватнасьці, Адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны “Гомель—Ратон” разаслала замежным прадпрыемствам патрабаваньні падвысіць узровень заробкаў да згаданых памераў.

У папераджальных лістах да замежных прадпрыемстваў кіраўнік адміністрацыі СЭЗ “Гомель—Ратон” Ігар Кудзеля спасылаецца на пратакол нарады ад 11 кастрычніка ў прэм’ер-міністра краіны. Запатрабавана прыняць захады дзеля забесьпячэньня ў будучым годзе заробку ня меней за 250 даляраў ЗША ў эквіваленце.

Невыкананьне, сказана ў лісьце, можа пацягнуць за сабою ліквідацыю прадпрыемства.

Што думаюць на гэты конт кіраўнікі замежных прадпрыемстваў?

(Дырэктарка: ) “Чыста тэарэтычна гэта можна зрабіць. Але на практыцы гэта нерэальна. Калі я атрымала ліст адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны “Гомель—Ратон”, я перамовілася з заснавальнікам майго прадпрыемства. Заснавальнік на патрабаваньне адказаў, што ўвогуле не жадае ўкладваць свае сродкі ў краіну з такімі парадкамі й законамі”, — распавяла дырэктарка адной з замежных фірмаў, разьмешчаных у свабоднай эканамічнай зоне “Гомель—Ратон”.

Патрабаваньні падвысіць заробкі да названага Аляксандрам Лукашэнкам узроўню гучаць і ў іншых рэгіянальных органах кіраваньня. Між тым, намінальны сярэдні заробак, паводле статыстычных зьвестак, склаў у рэгіёне за дзевяць месяцаў 326 тысяч рублёў, што адпавядае 150 далярам. У мэдыцыне, адукацыі, сельскай гаспадарцы, гандлі заробкі нашмат ніжэйшыя.

Гаворыць генэральны дырэктар гандлёвага таварыства “Цэнтар” Барыс Лябіхаў:

(Лябіхаў: ) “Для мяне гэта нерэальна. У мяне цяпер страты 250 мільёнаў пры заробку 170 тысяч рублёў. Гэта — 75, няхай 80 даляраў. Дык што са мною будзе, калі я ў два з паловай разу падыму заробак? Усё, канец! Трэба прадпрыемства гандлю зачыняць”.

Прадпрыемстваў з падобным узроўнем заробкаў у рэгіёне сотні.
XS
SM
MD
LG