Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэакцыя ў сувязі са сьмерцю Ясіра Арафата


ПАРЫЖ. Палестынскі лідэр Ясір Арафат памёр сёньня ранкам у парыскім шпіталі у веку 75 год. Ён знаходзіўся там з 29 кастрычніка з-за невядомай хваробы крыві. Палестынцы на Заходнім беразе ракі Ярдан масава выйшлі на вуліцы са сьцягамі Аўтаноміі, партрэтамі Арафата і ў шаліках-"арафатках", што сталіся асаблівым сымбалем палестынскага лідэра.

Памочнік Арафата Абед Рабо заявіў:

(Рабо:) – Мы ўпэўненыя, што выканаем задачу, якой імкнуўся вырашыць Арафат – вызваленьне палестынскага народу, усталяваньне незалежнай палестынскай дзяржавы са сталіцай у сьвятым Ерусаліме, мы пакладзем канец шматгадовым пакутам і цярпеньню палестынцаў.

У Рамалагу выканаўчы камітэт Арганізацыі Вызваленьня Палестыны абраў сёньня прэм’ер-міністра Абу Махмуда кіраўніком АВП. Сьпікер палестынскага парлямэнту Рухі Фаттух стаў прэзыдэнтам Палестынскае аўтаноміі на 60 дзён, пакуль ня будуць праведзеныя выбары новага кіраўніка. Прэм’ер-міністар Ізраіля Арыэль Шарон заявіў, што сьмерць Ясіра Арафата стане пераломным момантам для Бліжняга Ўсходу. Выступаючы перад журналістамі, прэм’ер Ізраілю сьцьвердзіў, што ягоная краіна і надалей будзе выступаць за мірнае урэгуляваньне ў рэгіёне, аднак прагрэс магчымы толькі тады, калі палестынскае кіраўніцтва абвесьціць вайну тэрору. Шымон Пэрэс, які у 1994 г. падзяліў з Арафатам Нобэлеўскую прэмію міру, назваў самай вялікай памылкаю Арафата падтрымку тэрарыстаў, а самым вялікім дасягненьнем – імкненьне ўсталяваць мір на Блізкім Усходзе. Прэзыдэнты ЗША, Францыі і Расеі, кіраўнікі урадаў Нямеччыны і Брытаніі, генэральны сакратар ААН выразілі спачуваньне палестынскаму народу у сувязі з адыходам Ясіра Арафата. У пятніцу цела Арафата будзе перавезенае у Каір для траурнай цырымоніі. Пахаваюць Арафата ў Рамалагу, дзе была разьмешчаная ягоная рэзыдэнцыя.

Тымчасам ізраільскія войскі, падтрыманыя верталётамі і бронетэхнікай, зьдзейсьнілі напад на сэктар Газы. Ізраільскія вайскоўцы цьвердзяць, што гэта была прэвэнтыўная мера супраць ваяўнікоў, што зьбіраліся напасьці на габрэйскае пасяленьне Нэтзарым.
XS
SM
MD
LG