Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: “Ці сталі беларускія чыноўнікі менш карумпаванымі?”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Менску ідуць судовыя працэсы над чыноўнікамі, якія займалі значныя пасады ў кіраўніцтве Беларусі. Судзяць былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта Галіну Жураўкову і былога старшыню Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова. А што мяркуюць людзі: ці сталі беларускія чыноўнікі менш карумпаванымі? Свае думкі на гэты конт выказваюць сёньня жыхары Магілёва.

(Спадар: ) “Не, я думаю, не. Чыноўнікаў трымаюць на павадку, даюць магчымасьць красьці, браць хабар. І на гэтым усё кіраўніцтва краіны трымаецца”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, я лічу, што як крадуць, так і будуць. Каму не пашанцавала, той і трапіў. Калі зь нечым сутыкаесься, то бяз хабару і без знаёмых нічога ня ўдасца”.

(Спадар: ) “Перадусім гэтыя падзеі — акты запалохваньня саміх чыноўнікаў. Можна казаць пра зьніжэньне карумпаванасьці, але можа быць на ўзроўні штучнасьці. Як толькі сыходзіць сёньняшні кіраўнік дзяржавы, так карумпаванасьць узьляціць да неймаверных вышыняў”.

(Спадар: ) “Нікому не хапае грошай, нават самым заможным. Таму ўсе бяруць, колькі можна”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што тыя людзі, над якімі цяпер ідуць працэсы, проста не падзяліліся ў свой час з тымі чыноўнікамі, якія стаяць вышэй за іх. Таму што як бралі ў нас, так і бяруць. Я мяркую, што гэта проста паказуха”.

(Спадар: ) “Ну чаму? Адразу зразумеюць, што гэта караецца. Таму ня вельмі будзе прывабна займацца гэтай справай. Ну канечне, будуць потым шукаць іншых спосабаў, гэта вядомая справа — поўнасьцю іх не адрубіш”.

(Спадарыня: ) “Гэта хвароба, якая перайшла з часу сацыялізму. Яна будзе яшчэ вельмі доўга”.

(Спадарыня: ) “Таму што ў нас бяз грошай цяпер нічога ня будзе. Карупцыя была, ёсьць і будзе. І па-мойму, паказальныя працэсы — гэта ня сродак ўплыву на гэтых людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG