Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Ясір Арафат


Сьвятлана Курс, Прага Ясір Арафат, кіраўнік палестынскай аўтаноміі і сымбаль палестынскага супраціву, памёр ва ўзросьце 75 гадоў ад невядомай хваробы ў парыскім вайсковым шпіталі. Чым запомніўся Ясір Арафат і якую спадчыну ён пакінуў палестынцам?

Ясір Арафат памёр у вайсковым шпіталі недалёка ад Парыжу, куды быў дастаўлены самалётам 29 кастрычніка са сваёй рэзыдэнцыі Рамала на Заходнім беразе Ярдану.

Ясір Арафат пакінуў па сабе складаную спадчыну. Ён стварыў Арганізацыю вызваленьня Палестыны, якую Ізраіль быў вымушаны прызнаць, але ня здолеў цягам свайго жыцьця стварыць незалежную палестынскую дзяржаву.

Вось што сам Арафат казаў на гэты конт.

(Арафат: ) “Я – палестынскі салдат. Я буду ўжываць маю зброю, каб абараніць не сябе аднаго, але кожнае палестынскае дзіця, мужчыну і жанчыну, каб абараніць існаваньне Палестыны”.

Магамэт Абдэль-Рауф Арафат Аскудва аль-Гусэйні нарадзіўся у 1929 годзе. Адныя біёграфы цьвердзяць, што ў Эгіпце, іншыя – што ў Ерусаліме альбо ў сэктары Газа.

Зь дзяцінства Арафат быў вядомы са сваёй мянушкі Ясір, што азначае “лёгкі”.

У Каіры, у веку 17 гадоў, ён пачаў таемна правозіць зброю, каб ужыць яе супраць брытанцаў і габрэяў. Ён працягваў правоз зброі нават у свае студэнцкія гады, у 1950-х гадох.

У 1958 ён стаў адным з заснавальнікаў Аль-Фатах, арганізацыі, якая складалася зь сеткі сакрэтных ячэек. Калі Ізраіль перамог арабскія дзяржавы ў шасьцідзённай вайне 1967 году, “Фатах” Арафата выявіўся самай моцнай Палестынскай арганізацыяй – і пазьней Арафат ачоліў выканаўчы камітэт АВП.

(Арафат: ) “Мы прызналі дзяржаву Ізраіль, і мы ня зьменім свайго рашэньня. Гэта права народу Ізраіля жыць у бясьпецы, міры і стабільнасьці, у суседзтве з палестынскім народам, які аднак павінен жыць у сваёй дзяржаве – сваёй уласнай палестынскай дзяржаве – у надзейным міры ў нашым рэгіёне”.

Першая палова 1990-х была пэрыядам зьбліжэньня, быў мірны працэс у Осла і Нобэлеўская прэмія міру, якую Ясір Арафат падзяліў з ізраільскім прэм’ер-міністрам Іцхакам Рабінам і міністрам замежных справаў Ізраілю Шымонам Пэрэсам.

У 2000 годзе Арыэль Шарон падняўся на сьвятую для палестынцаў і арабаў Храмавую гару ў Ерусаліме, і гэта паслужыла падставаю для другой палестынскай “інтыфады”. І “інтыфада” – паўстаньне палестынцаў – доўжыцца да сёньня.

Зь цягам часу Ізраіль і ЗША абышлі Арафата як нешта лішняе. У чэрвені 2002 году прэзыдэнт ЗША Джордж Буш адкрыта заклікаў палестынцаў абраць сабе новага лідэра.

Арафат быў зьмешчаны ізраільскімі вайскоўцамі фактычна пад хатні арышт у сваёй рэзыдэнцыі на Заходнім Беразе. Акружаны ізраільскімі жаўнерамі і танкамі, Арафат сказаў, што адсюль ён нікуды не кранецца.

(Арафат: ) “Гэта – сьвятая зямля. Нішто не выпхне мяне адсюль”.

Ясір Арафат, палестынскі лідэр, які памёр ва ўзросьце 75 год.
XS
SM
MD
LG