Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыносіць спартовым клюбам посьпех стаўка на “варагаў”?


Казімір Яноўскі, Гомель У Беларусі завяршыўся чэмпіянат краіны па футболу. Тры першыя прызавыя месцы заваявалі: “Дынама” (Менск), БАТЭ (Барысаў), “Шахцёр” (Салігорск). Сёньня ў Баранавічах на матчы паміж камандамі “Лякаматыў”(Віцебск) і МТЗ (Менск) вырашыцца, хто зь іх усьлед за бабруйскай “Белшынаю” пакіне вышэйшую лігу. Тым часам былы чэмпіён, футбольны клуб “Гомель”, стаў актыўна пазбаўляцца заежджых гульцоў. Хто і зь якой прычыны пакінуў каманду?

У апошніх дзьвюх сустрэчах чэмпіянату – у Менску з камандай МТЗ і ў сябе дома з “Дняпром-Трансмашам” – гомельскія футбалісты пацярпелі буйныя паразы. Новы галоўны трэнэр каманды Аляксандр Кузьняцоў адмовіўся ад паслугаў адразу пяці вопытных футбалістаў – Лукашэнкі, Карсакова, Чарапнёва, Афанасенкі і Кузьняцова. Адпраўленыя назад у маскоўскі “Лякаматыў” Алег Попель, яшчэ крыху раней у тульскі “Арсэнал” – Максім Аутлеў і Станіслаў Крывулін.

Трэнэр Кузьняцоў цяпер усім тлумачыць, што ён прыняў каманду, калі яна была на сёмым месцы ў чэмпіянаце. Запрашаючы легіянэраў, футбольны настаўнік хацеў узмацніць атакуючыя шэрагі каманды. Клюб у той час пакінуў выдатны нападнік Генадзь Блізьнюк, якога перавербаваў да сябе саратаўскі “Сокал”.

Стаўка гомельскіх трэнэраў на так званых “варагаў” не прынесла жаданага выніку, таму раставаньне з многімі гульцамі стала непазьбежным.

Наколькі вядома, былы чэмпіён краіны – мазырская “Славія” – у свой час рабіла стаўку на заежджых футбалістаў. З гэтага таксама нічога добрага не атрымалася. Дык што, “варагі” добрыя толькі на хвіліну? Яны ня здольныя забясьпечыць стабільную гульню каманды цягам многіх гадоў?

Відаць, легіянэры ўсё-такі будуць ў камандах. Іншая справа, калі яны складаюць бальшыню каманды. У той жа мазырскай “Славіі” заежджым быў і галоўны трэнэр – спадар Петравіч са Славакіі, які прывёз з сабою амаль дзесятак замежных футбалістаў. Яны выйгралі чэмпіянат, атрымалі свае ганарары і зьехалі. “Славія” ж цяпер заняла толькі 12 радок у выніковай табліцы.

Вядомы ў мінулым гомельскі футбаліст, а цяпер інспэктар многіх гульняў Яўген Уткін лічыць, што стаўка на заежджых гульцоў сябе не апраўдвае. Прыкладам іншага падыходу можа служыць барысаўская каманда БАТЭ:

(Уткін: ) “БАТЭ ўвесь час уверсе. Там гуляюць толькі нашы, беларусы. Замежнікаў няма. Клюб дапамагае рыхтаваць і маладую зьмену. У камандзе няма кастаў, якія абавязкова ўзьнікаюць разам з прыходам легіянэраў. Аналягічны футболу і выпадак з гомельскім хакеем. Прывезьлі гульцоў, яны выйгралі. У іншым месцы прапанавалі лепшыя ўмовы – яны й разьбегліся.

Трэба разьвіваць і футбол, і хакей са школы. Паглядзіце, у школах няма спартовых секцыяў. Пішуцца толькі справаздачы. Але ж які з гэтага можа быць футбол, валейбол, баскетбол?!”

Гэтак лічыць футбольны інспэктар Яўген Уткін. І абвергнуць яго, на жаль, няма чым.
XS
SM
MD
LG