Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмацыі нябожчыкаў аддаюць перавагу збольшага з эканамічных прычынаў


Галіна Абакунчык, Менск З дазволу камунальных службаў Менскага гарвыканкаму супрацоўнікі адзінага ў Беларусі менскага крэматорыя пахавалі ў брацкай магіле 66 незапатрабаваных урнаў з парэшткамі людзей. Зь якіх прычынаў ад нябожчыкаў адмовіліся іхныя сваякі?

Адмыслоўцы не адмаўляюць ні эканамічнага складніку, ні маральнага. Да прыкладу, у крэматорыі кажуць, што многія парэшткі захоўваліся ад пачатку працы гэтай установы – а гэта 1996 год. І ўвесь час у адміністрацыі пісалі лісты сваякам, тэлефанавалі, але па ўрны прыйшлі толькі тры чалавекі. Вось як гэта пракамэнтаваў дырэктар Менскага крэматорыя Мікалай Абозны:

(Абозны: ) “У асноўным гэта – падзеньне нашых нораваў. Многія робяць крэмацыю – суседзі, далёкія сваякі – яны перасьледуюць нейкія свае мэркантыльныя мэты, а менавіта – заняць кватэру. І вось тады, калі мы тэлефанавалі па многіх з гэтых адрасоў, ужо ў тых кватэрах пражывалі зусім іншыя людзі, ня тыя, хто замаўляў у нас крэмацыю”.

Як тлумачыцца сам факт крэмацыі? Ці характэрная гэтая зьява ў Беларусі й чаму людзі зьвяртаюцца да такой формы пахаваньня?

Паводле навукоўцаў, спальваньне людзей на старажытных землях нашай краіны – зьява тысячагадовай даўніны, а магчыма, і больш старажытная. Памерлых спальвалі, каб, нібыта, вызваліць душу зь цела і каб тая найхутчэй патрапіла ў рай. Але крэмацыя людзей сёньня ня мае нічога агульнага з працягам тае традыцыі, і прадыктаваная хутчэй эканамічным фактарам – лічыць этнакультуроляг Тацяна Валодзіна:

(Валодзіна: ) “Наўрад ці гэта прыхільнасьць да нейкіх ранейшых традыцыяў у тым пляне, практычна, што зараз закрытыя магільнікі. Шмат маіх знаёмых рабілі гэта для таго, каб перавезьці потым прах з аднаго месца на другое. Дзядуля дваюрадны, памерлы ў Маскве, яго спалілі, прывезьлі й закапалі ў роднай зямлі. Ніхто ня бачыў у гэтым нечага ганебнага”.

Не адмаўляюць эканамічнага аспэкту ў факце крэмацыі людзей і ў менскім крэматорыі. Да прыкладу, ягоныя паслугі ўдвая таньнейшыя, чым традыцыйнае пахаваньне чалавека. Сёньня на пахаваньне дзяржава выдзяляе 320 тысячаў беларускіх рублёў, і гэтых грошай хапае на труну, якая каштуе прынамсі 90 тысячаў, на строй за 60 тысячаў, абутак за 40, вянок за 30 і на само пахаваньне за 60 тысячаў. Але пералічаныя жалобныя набыткі – самыя танныя, якіх у адмысловай менскай краме можа й ня быць, бо карыстаюцца яны найбольшым попытам. А яшчэ патрэбныя паслугі транспарту, жалобны стол, адпяваньне, калі гэтага прасіў памерлы. Словам – большы цяжар выдаткаў кладзецца на плечы сваякоў.

У выпадку ж крэмацыі неабходна выдаткаваць толькі сто тысячаў рублёў. Таму апошнімі гадамі колькасьць спаленых у крэматорыі нябожчыкаў павялічваецца і, як прагназуюць ягоныя супрацоўнікі, гэтая тэндэнцыя будзе доўжыцца й надалей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG