Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

11 лістапада 1821 году нарадзіўся расейскі пісьменьнік беларускага паходжаньня Фёдар Дастаеўскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 11 лістапада

11 лістапада ў праваслаўных беларусаў – Настасься (у гэты дзень нашыя продкі пачыналі стрыгчы авечак), а ў каталікоў – Марцін, апякун млынароў. Рэч у тым, што неўзабаве на рэках зьявіцца лёд, і праца на млынах спыніцца. А яшчэ казалі, што на Марціна мядзьведзь кладзецца ў бярлог і пачынае смактаць лапу.

Сёньня ў Польшчы адзначаецца найважнейшае дзяржаўнае сьвята – Дзень незалежнасьці. Акурат 11 лістапада 1918 году палякі скінулі нямецкі акупацыйны рэжым у Варшаве. У той самы дзень нямецкае камандаваньне капітулявала перад краінамі Антанты. У Францыі было падпісанае Камп’енскае замірэньне. Такім чынам завяршылася Першая сусьветная вайна.

11 лістапада 1992 году Беларусь усталявала дыпляматычныя дачыненьні з Ватыканам.

11 лістапада 1821 году нарадзіўся расейскі пісьменьнік беларускага паходжаньня Фёдар Дастаеўскі. “Продкі мае выйшлі зь літоўскіх балот”, пісаў аўтар “Братоў Карамазавых”, маючы на ўвазе гняздо свайго роду ў мястэчку Дастоева на Піншчыне.

Апроч Дастаеўскага, 11 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі паэт-гумарыст нашаніўскае пары Альбэрт Паўловіч, беларускі архітэктар Георгі Заборскі, адзін з аўтараў манумэнта Перамогі і помніка Якубу Коласу ў Менску, і амэрыканскі пісьменьнік Курт Вонэгут, найбольш папулярны раман якога – “Бойня №5, або крыжовы паход дзяцей”.

11 лістапада 1903 году прыйшоў на сьвет беларускі тэатральны актор, народны артыст Беларусі Аляксандар Ільінскі. Ён нарадзіўся ў мястэчку Мір Карэліцкага раёну – тым самым, дзе ёсьць славуты Мірскі замак. Працаваў у віцебскім тэатры імя Якуба Коласа. Найбольшы посьпех меў у спэктаклях паводле твораў айчынных аўтараў – у народнай драме “Цар Максімільян”, у “Пінскай шляхце” і “На ростанях”. Граў Дзеда Талаша і Несьцерку, за ролю якога ў 1946 годзе атрымаў дзяржаўную прэмію СССР. У 1967-м Ільінскі пакінуў гэты сьвет. Цікава, што ў тэатральным асяродку са студэнцкіх часоў праз усё жыцьцё калегі называлі Аляксандра Ільінскага Шурыкам. Тэатразнаўца Барыс Бур’ян так і піша пра яго: “Шурык быў майстрам сцэнічнай імправізацыі”.
XS
SM
MD
LG