Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Васіль Старавойтаў верыць у вольную Беларусь


Алег Грузьдзіловіч, Менск 5 гадоў таму з Аршанскай калёніі выйшаў на волю Васіль Старавойтаў –двойчы Герой сацыялістычнай працы, былы старшыня славутага калгасу “Расьсьвет”. Васіль Старавойтаў лічыцца першым палітычным вязьнем у найноўшай гісторыі Беларусі, і гэта таксама выклікае да яго асаблівую цікаўнасьць. Інтэрвію з Васілём Старавойтавым узяў наш карэспандэнт.

У калгаса “Расьсьвет” з Кіраўскага раёна Магілёўшчыны – лёс флягманскага карабля. З 1950-х гадоў ён – лідэр у Беларусі, з 1970-х – узорны ва ўсім Саюзе, з пачатку 1990-х гадоў – на чале калёны рэфарматараў. Цяпер, як здараецца зь вялікім караблём у плыткай бухце, “Расьсьвет” ляжыць на мялі. Гэтак лічыць ягоны былы “капітан”, двойчы Герой сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў.

Старавойтаў 5 гадоў таму выйшаў з турмы, дзе агулам прабыў 3 гады. Ён лічыць, што справы ў калгаса ніяк не наладзяцца, калгасьнікі жывуць вельмі небагата, а пра яго, Старавойтава, згадваюць з усё большай удзячнасьцю. У гэтым былы старшыня пераканаўся на сьвяткаваньні 60-годзьдзя калгасу.

(Старавойтаў: ) “Мне далі там слова, прымусілі гаварыць. І заля ўстала ўся, мяне сустрэлі і праводзілі авацыяй. Па-сутнасьці калгасьнікі зрабілі мне рэабілітацыю”.

Васіля Старавойтава кінулі за краты восеньню 1996 года, калі ён публічна выказаўся супроць рэфэрэндуму аб наданьні прэзыдэнту яшчэ большых паўнамоцтваў. Старавойтаву інкрымінавалі службовыя злоўжываньні, але, паводле многіх беларусаў і замежнікаў, ён стаў першым палітычным вязьнем Беларусі. За ім турму зьведалі экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір, іншыя палітыкі й гаспадарнікі. Цяпер,магчыма, ў той самай камэры ізалятара КГБ “амэрыканка”, дзе сядзеў Старавойтаў, трымаюць амбасадара Міхаіла Марыніча.

Старавойтаў кажа, што уважліва сочыць за лёсам Марыніча, Бандажэўскага, Леванеўскага, Васільева і іншых палітычных вязьняў. На думку Старавойтава, расьце супраціў рэжыму і мацнеюць рэпрэсіі.

(Старавойтаў: ) “Гэта ўжо робіць сыстэма, не адзін чалавек. Я бачу шмат тых, хто хоча кар’еру зрабіць, быць бліжэй да дзяржаўнай кармушкі. А заробкі ў вэртыкалі добрыя ! Ім плоцяць добра, а яны гэтыя зьвесткі хаваюць, ніхто ня ведае. Таму ім трэба запалохаць усіх. І мяне заціснулі таму, каб паказаць: і 74 гады яму, і зоркі, але яго – туды, каб усе баяліся”.

І ўсё ж Васіль Старавойтаў верыць, што век беларускага рэжыму будзе нядоўгім. Вера ягоная заснаваная на параўнаньнях з іншымі краінамі.

(Старавойтаў: ) “Ці магчыма спыніць працэс, які ідзе ва ўсім сьвеце? Ужо сышлі і Хусэйн, і Мілошавіч. Ім зваротнага шляху няма”.

Час Васіль Старавойтаў бавіць ў асноўным у гародзе. Яшчэ каштоўнасьцю для яго засталіся кнігі, сябры, безумоўна, сям’я. А свой першы юбілей вызваленьня ён адзначаць не зьбіраецца. І вось чаму.

(Старавойтаў: ) “На будучы год будзе 10 гадоў нашай сужэнскай сувязі з маёй маладой жанчынай. Мы зь ёй рыхтуемся, зьбіраемся гэта адзначыць. А турму – к чорту! Лепш я за іншае што вып’ю”.
XS
SM
MD
LG