Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь ТБ” – “ліцэнзійна ачышчаны” прадукт Беларускага тэлебачаньня


Ігара Карней, Менск Ад пачатку 2005 году ў беларускім эфіры зьявіцца тэлевізійны канал “Беларусь ТБ”, які будзе прымацца на ўсёй тэрыторыі краіны і ў суседніх абласьцях Расеі і Ўкраіны. Як паведамляюць у тэлерадыёкампаніі, гэтым самым распачнецца другі этап у справе стварэньня міжнароднай вэрсіі беларускага тэлебачаньня. Першы, паўгода таму, меў на ўвазе распаўсюд праграмаў Першага нацыянальнага каналу праз спадарожнік на эўрапейскую частку Расеі, краіны Балтыі ды некаторыя дзяржавы Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Ад новага году канал “Беларусь ТБ”, які, па сутнасьці, стане дайджэстам іншых праграмаў беларускага вяшчаньня, будзе адрасаваны і беларускаму гледачу.

Праект міжнароднага вяшчаньня яшчэ на пачатку году ўхваліў Аляксандар Лукашэнка, і цяпер “Беларусь ТБ” знаходзіцца на ягоным асабістым кантролі. Апошнім разам пра важнасьць каналу Лукашэнка шмат казаў на сустрэчы з супрацоўнікамі Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі незадоўга да рэфэрэндуму. І тады былі акрэсьленыя стратэгічныя кірункі вяшчаньня. Пра гэта ўзгадвае былы кіраўнік Беларускага тэлебачаньня Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін: ) “Гэта жаданьне пашырыць зону ўзьдзеяньня тэлебачаньня. Ахапіць Бранскую, Смаленскую, Чарнігаўскую вобласьці, дзе так “чакаюць” нашае тэлебачаньне, што проста гэта ледзьве не самая галоўная задача... Ня думаю, што так ужо чакаюць там нашых тэлеперадачаў, маючы магчымасьць бачыць досыць прафэсійныя расейскія і ўкраінскія праграмы. Тут чыста палітычная мэта: тое, да чаго ўжо прызвычаіліся мы, распаўсюдзіць на блізкія вобласьці Расеі і Ўкраіны, тым самым імкнучыся заваяваць падтрымку за мяжой. Якой, бясспрэчна, нашаму кіраўніцтву не хапае”.

Праект вяшчаньня пад маркай “Беларусь ТБ” рэалізуе Нацыянальная тэлерадыёкампанія сумесна зь Міністэрствам сувязі. Дзеля функцыянаваньня каналу ўжо створаны адмысловы прадусарскі цэнтар. Што да зьместу каналу, то, паводле прадстаўніцы тэлерадыёкампаніі Сьвятланы Краскоўскай, праграмнае насычэньне для ўнутранага й зьнешняга карыстаньня, будзе, збольшага, аднолькавае. За выключэньнем ліцэнзійных праграмаў.

(Краскоўская: ) “Калі і ўзьнікнуць складанасьці, то толькі на праграмы, на якія набытыя эксклюзіўныя правы і, паводле дамоваў, прадугледжваецца права вяшчаньня на тэрыторыю Беларусі. Іншымі словамі, гэтыя праграмы ў замежным эфіры будуць замяшчацца... Як кажа наш генэральны прадусар, гэта нават не канал, а міжнародная ліцэнзійна-ачышчаная вэрсія беларускага тэлебачаньня”.

Дадам, што генэральным прадусарам “Беларусь ТБ” прызначаны Віктар Маючы, які дагэтуль кіраваў Гомельскай тэлерадыёкампаніяй, а потым быў начальнікам аддзелу ацэнкі экспэртнай дзейнасьці Белтэлерадыёкампаніі.

Прадстаўнікі іншых беларускіх каналаў спадзяюцца, што таксама будуць далучаныя да прапаганды цяперашніх дзяржаўнай каштоўнасьцяў за межамі і ўнутры краіны. Свае паслугі кіраўніцтву тэлерадыёкампаніі прапануе генэральны дырэктар “Сталічнага тэлебачаньня” Аляксандар Зімоўскі.

(Зімоўскі: ) “Калі Белтэлерадыёкампанія выявіць інтарэс да таго, каб на спадарожнікавы канал падаваўся і прадукт СТВ (якіясьці цыклавыя праграмы), каля яны палічаць іх вартымі, каб складалі частку праграмнага насычэньня новага каналу, то, натуральна, мы з гатоўнасьцю падключымся”.

Пакуль жа Белтэлерадыёкампанія абыходзіцца без паслугаў спадара Зімоўскага. На стадыі падпісаньня знаходзяцца пратаколы з шэрагам заходніх тэлевізійных вяшчальных зьвязаў, у якіх указана, што насычэньне праграмаў каналу “Беларусь ТБ” будзе адбывацца коштам Першага нацыянальнага каналу, каналу “Лад” і фондаў Беларускага тэлебачаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG