Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЦВК лічаць, што Беларусь не гатовая да пераходу на электронную сыстэму галасаваньня


Юлія Шарова, Менск Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі Нацыянальнай Акадэміі навук распрацаваў электронную сыстэму галасаваньня, прызначаную для правядзеньня выбараў, рэфэрэндумаў і апытаньняў. Распрацоўнікі лічаць, што такая сыстэма зробіць працэдуру галасаваньня максымальна празрыстай і зьвядзе на нуль магчымасьць фальсыфікаваць яго вынікі. Ці зьявяцца электронныя выбарчыя ўчасткі на бліжэйшых выбарах у Беларусі?

Як дзейнічае гэтая новая сыстэма, прыдуманая беларускімі навукоўцамі, і ў чым яе перавагі перад традыцыйнымі мэтадамі арганізацыі й правядзеньня выбараў ды рэфэрэндумаў?

Электронныя выбарчыя ўчасткі значна адрозьніваюцца ад звычайных пунктаў для галасаваньня. Там няма папяровых бюлетэняў, няма урнаў, у якія гэтыя бюлетэні кідаюць, няма папяровых сьпісаў выбарцаў. Грамадзянін папросту прыходзіць на ўчастак з запрашэньнем і паказвае пашпарт. Яго рэгіструюць. Тады выбарца бярэ адмысловую электронную ўказку ды ідзе да электроннага пляншэта, на якім ёсьць варыянты адказаў на пытаньні плебісцыту ці прозьвішчы й фотаздымкі кандыдатаў. Падносячы ўказку да пэўнай графы на пляншэце, ён аўтаматычна аддае свой голас. Калі раптам перадумае, то можа зноў паднесьці ўказку – да іншай графы. Электронная урна залічыць толькі самы апошні варыянт адказу.

Праверыць і пракантраляваць вынікі галасаваньня вельмі проста. Тлумачыць аўтар распрацоўкі, кіраўнік лябараторыі Аб’яднанага інстытута праблемаў інфарматыкі Віталь Ліпень:

(Ліпень: ) “Калі вы галасуеце, вам выдаецца чэк з нумарам. І па гэтым чэку вы, калі вывешваецца кантрольны пратакол, пад нумарам, які ніхто ня ведае, толькі кампутар ды вы, вы бачыце свае вынікі”.

Такім чынам, кажа спадар Ліпень, выключаецца магчымасьць падмены бюлетэняў. Выключанае таксама закідваньне бюлетэняў за тых, хто не прагаласаваў. Бо электроннае таблё на ўчастку дакладна фіксуе колькасьць тых, хто прыйшоў галасаваць, і тых, хто прагаласаваў.

Распрацоўнік таксама тлумачыць, што сыстэма электроннага галасаваньня на кожным выбарчым участку працуе цалкам аўтаномна, умяшацца ў сыстэму немагчыма – апэратар можа толькі ўлучыць машыну ў прысутнасьці чальцоў выбарчай камісіі й назіральнікаў, а пры заканчэньні галасаваньня вылучыць яе.

Ці зьявяцца такія электронныя выбарчыя ўчасткі на бліжэйшых выбарах у Беларусі? У Цэнтравыбаркаме заяўляюць, што пакуль Беларусь не гатовая да пераходу на такую, здавалася б, прагрэсіўную сыстэму. Намесьніка старшыні камітэту Мікалай Лазавік пра распрацоўку беларускіх навукоўцаў ведае. Але ж ён заўважае, што сыстэма выкарыстоўвалася на мінулых выбарах у Казахстане – экспэрымэнт даў ня вельмі здавальняючыя вынікі. Самі выбарчыя камісіі і выбарцы аказаліся негатовымі да працы па такой сыстэме, а назіральнікі ад АБСЭ адмоўна выказваліся пра электронныя выбарчыя ўчасткі, заявіў у інтэрвію Свабодзе Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) “Калі чалавек галасуе шляхам націсканьня кнопкі, ён не да канца ўпэўнены, што ягоны голас будзе машынай залічаны так, як ён хоча. Насамрэч у Казахстане адной з асноўных праблемаў было пракантраляваць дакладнасьць працы гэтай машыны. Машыну можна запраграмаваць такім чынам, што два дадаць два будзе атрымлівацца восем. Якую суму галасоў ні атрымаў бы кандыдат “а”, кандыдат “b” ці кандыдат “c”, загадзя можна разьмеркаваць працэнты, якія гэтая машына будзе раскладваць так, як гэта задумаў праграміст”.

Да таго ж, гаворыць спадар Лазавік, такая сыстэма занадта дарагая для Беларусі, таму пакуль беларускія выбарцы будуць галасаваць на ўчастках толькі папяровымі бюлетэнямі.
XS
SM
MD
LG