Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КГБ скончыў расьсьледаваньне, Міхаіл Марыніч вывучае сваю крымінальную справу


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня сьледчыя КГБ завяршылі папярэдняе расьсьледаваньне справы былога міністра зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіла Марыніча і перадалі справу для азнаямленьня Міхаілу Марынічу і ягоным адвакатам.

Пяць тамоў налічвае крымінальная справа Міхаіла Марыніча, якога абвінавачваюць адразу паводле чатырох артыкулаў. Сёньня у другой палове дня ў сьледчым ізалятары КГБ “амэрыканка” Міхаіл Марыніч пачаў знаёміцца з гэтай справай.

Паводле зьвестак, чатыры тамы справы – гэта паказаньні падсьледнага і сьведкаў, дадзеныя экспэртызаў ды іншыя дакумэнты. У тым ліку дакумэнт пра арышт амаль паловы даляраў, якія былі адабраныя ў Марыніча пасьля затрыманьня. Другую частку, больш за 40 тысяч даляраў, прызналі фальшывымі.

У апошнім, пятым томе, сабраныя скаргі Марыніча і ягоных абаронцаў.

Нагадаю, Міхаіл Марыніч віну не прызнае, ён лічыць сябе палітычным вязьнем. Спробы абароны дамагчыся вызваленьня Марыніча праз суд былі марнымі.

Паводле адваката Веры Страмкоўскай Міхаіл Мырыніч вывучае матэрыялы справы вельмі сур’ёзна, хаця сілаў у яго няшмат.

(Страмкоўская: ) “Натуральна, што чалавек ужо стомлены ад гэтага ўсяго. 7 месяцаў у ізалятары і вось зараз нібыта фінал падводзіцца”.

Адвакатка Марыніча мяркуе, што заўтра, 11 лістапада працэдура азнаямленьня са справай будзе завершаная.

Нагадаем, Міхаіла Марыніча абвінавачваюць у незаконным захоўваньні пісталета, крадзяжы маёмасьці і сакрэтнага дакумэнту ды ў невяртаньні пячаткі грамадзкай арганізацыі.

Між тым апазыцыя і праваабарончыя арганізацыі Беларусі заяўляюць, што улады краіны перасьледуюць яго за палітычную дзейнасьць. Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч у 2001 годзе спрабаваў вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Ён неаднаразова казаў, што зьбіраецца ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году.
XS
SM
MD
LG