Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валерыя Шчукіна папярэдзілі


Браніслава Станкевіч, Віцебск Адміністрацыйная камісія Перашамайскага раёну Віцебска папярэдзіла Валерыя Шчукіна. У мінулым месяцы ён быў тройчы затрыманы за распаўсюд улётак з заклікам сказаць “не!” на рэфэрэндуме 17-га кастрычніка. Але пакараньне вядомаму праваабаронцу віцебскія ўлады вынесьлі толькі цяпер.

Адміністрацыйная камісія Першамайскага раёну правяла сваё першае пасяджэньне пасьля мінулых выбараў. Першым яно сталася і для Валерыя Шчукіна, якому за ўсё амаль 70-гадовае жыцьцё дагэтуль даводзілася бываць хібa толькі на шматлікіх судовых працэсах.

Спадара Шчукіна выклікалі на камісію за распаўсюд улётак, якія ён сам склаў ды надрукаваў за ўласныя сродкі. 23-га і 27-га верасьня, а таксама 7-га кастрычніка ён быў затрыманы міліцэйскім патрулём як парушальнік грамадзкага спакою.

Такім чынам, справа вядомага праваабаронцы ўпершыню разглядалася сёньня ў адным шэрагу зь іншымі грамадзкімі парушэньнямі – суседзкімі сваркамі, выпадкамі ухіленьня ад падаткаў і г.д.

І, паводле назіраньняў Валерыя Шчукіна ды ягонага грамадзкага прадстаўніка, кіраўніка віцебскай філіі БХК Паўла Левінава, сябры камісіі выглядалі ня дужа абазнанымі ў тых галінах заканадаўства, якія тычацца правілаў распаўсюду друкаванай прадукцыі або перадвыбарчай агітацыі.

Старшыня Першамайскага райвыканкаму Жанна Мацкевіч, якая ачольвае раённую адміністрацыйную камісію, адразу ж забараніла журналістам прысутнічаць на пасяджэньні. Разьбіральніцтва за зачыненымі дзьвярыма ішло амаль паўтары гадзіны. Урэшце, пасьля вывучэньня трох міліцэйскіх пратаколаў ды працяглых спрэчак, сябры камісіі прызналі спадара Шчукіна ды абвясьцілі яму папярэджаньне.

Аднак Валеры Шчукін кажа, што ён нязгодны нават з такім, адносна мяккім пакараньнем. Ён мае намер абскардзіць рашэньне адміністрацыйнае камісіі ў раённым судзе.
XS
SM
MD
LG