Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напаўзабароненыя “Тутэйшыя” – які лёс чакае гэты легендарны твор на беларускай сцэне?


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Адным з самых значных драматургічных твораў беларускае літаратуры ёсьць п’еса Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Доўгія гады трагікамэдыя была пад забаронай, а яе аўтар пад перасьледам бальшавіцкай улады. Ня меней драматычна складваўся і сцэнічны лёс Купалавага твору. Пра значэньне п’есы і гісторыю яе пастановак расказвае Вячаслаў Ракіцкі.

(Сцэна са спэктаклю Тэатра імя Янкі Купалы):

“Мікіта. Усё роўна, меджду протчым. І не ўсё роўна. Беларускае асэсарства, апрача ўсякіх іншых плюсаў, мае ў сабе яшчэ адзін вельмі ласы плюсік – гэта тое, што і па-беларуску, як я пераканаўся, можна праводзіць у тутэйшую сярмяжную шацію вялікія руска-ісьціныя прынцыпы а ядынасьці, непадзельнасьці і самадзяржаўнасьці Расейскай, меджду протчым, імпэрыі.

Янка. О, гэта ўжо правакатарскімі прынцыпамі запахла ад вас! Але сьцеражэцеся, пане рэгістратар. Ідзе народ, беларускі сярмяжны народ ідзе, а ён вашаму руска-ісьцінаму рэгістратарству саб’е рогі”


Так у 1990 годзе вуснамі актораў Віктара Манаева і Аляксандра Лабуша загаварылі напісаныя ў 1922 годзе Янкам Купалам Мікіта Зносак і Янка Здольнік – пэрсанажы трагікамэдыі “Тутэйшыя”.

Публіка, ад якой цягам амаль 70 гадоў камуністычныя ўлады хавалі п’есу з-за яе горкай іроніі пра небясьпеку і недаравальнасьць тутэйшасьці, спазнавала на спэктаклі шок. Гаворыць дасьледчык драматургіі Янкі Купалы, літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.

(Васючэнка: ) “За тысячы гадоў свайго існаваньня беларусы ня раз мянялі саманазовы, адным зь якіх быў і гэты – тутэйшыя. “Мы ня ляхі, не маскалі”, – казалі беларусы ў 19 стагодзьдзі, – але тутэйшыя людзі”. Тутэйшыя ў гэтым значэньні паходзіла ад слова “тут” і служыла адметаю нацыянальнага гонару, дакладнай самаідэнтыфікацыі. Мінуўся час, і вызначэньне тутэйшасьці набыло прыкметы сацыяльнае хваробы, сымптомы якой заўважыў геніяльны Янка Купала. Я акрэсьліў бы гэтую хваробу як сындром нацыянальнага імунадэфіцыту, скарочана – СНІД, як недахоп нацыянальнай самасьвядомасьці. Мяркую, што трагікамэдыя “Тутэйшыя” ня толькі азначае сымптом гэтае хваробы, але і падае рэцэпты для яе лячэньня”.

Сымптомы былі настолькі праўдзівымі, а рэцэпты такімі радыкальнымі, што далей ужо можна параўноўваць лёс п’есы зь лёсам тых тутэйшых беларусаў, якім твор і прысьвячаўся. Лёс напаўзабароны. Першы пастаноўшчык п’есы Папоў у 1924 годзе на сцэне БДТ-1 у працэсе рэпэтыцыяў так напужаўся яе зьместу, што сам зьняў спэктакаль з рэпэртуару, а пазьней доўга адхрышчваўся ад абвінавачаньняў у нацыяналізьме…

Надрукаваная ў 1927 годзе ў зборы твораў Купалы, п’еса далей на радзіме аж да 1989 году не друкавалася.

У 1953 у Мюнхене яе выдалі беларускія эмігранты. І толькі ў найноўшым часе яна была ўключаная ў Поўны збор твораў паэта, а сёлета выйшла і асобнай кніжкай.

А вось на сцэну “Тутэйшыя” патрапілі раней, чым у выдавецтва. Рэжысэр Валеры Масьлюк, у 1982 годзе адкапіяваўшы тэкст у спэцсховішчы Ленінскай бібліятэкі, зрабіў сваю рэдакцыю п’есы для Магілёўскага абласнога тэатра. Яшчэ далёка было да бел-чырвона-белага сьцягу, але і сьцяг БССР, які апускаўся на сцэну ў фінале відовішча, быў на той час крамолай. Менскім крытыкам давялося пахітраваць, каб з трэцяй спробы чыноўнікі далі дазвол на паказ спэктаклю. А затым пастаноўку прывезьлі ў Менск. Здавалася, што заля тэатра імя Янкі Купалы аж трышчала – гэтулькі сабралася людзей.

Узгадвае выканаўца ролі Мікіты Зноска Віктар Гудзіновіч.

(Гудзіновіч: ) “Вельмі хваляваліся, баяліся. Ён (спэктакаль) прайшоў, як кажуць, “на ўра”. Людзі, гледачы, стаялі, пляскалі ў далоні. А потым гэты спэктакаль закрылі. Як нам казаў Іван Іванавіч Антановіч: “Ня ўрэмя, і чаму эта ў канцы спэктаклю апускаецца беларускі флаг, а не Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік?”

Тады ішоў 1982 год, рэжым, здавалася, быў яшчэ моцным. Гаворыць Вінцук Вячорка – лідэр Беларускага народнага фронту, які ў 80-я гады актыўна ўдзельнічаў у маладзёвым нацыянальным руху.

(Вячорка: ) “Менавіта “Тутэйшыя” зь іхным філязофскім зрэзам беларускага нацыянальнага характару ў некалькіх яго маніфэстацыях якраз пісаліся і пастаўленыя былі ў 80-я гады дзеля таго, каб беларусы адбыліся як нацыя, бо “Тутэйшыя” насамрэч прышчэпка супраць безнацыянальнага быцьця. Гэта штуршок дзеля таго, каб быць нацыяй. І менавіта ў гэтым, а не ў фармальным жанравым вызначэньні і ёсьць місія “Тутэйшых”.

Заставалася амаль дзесяцігодзьдзе да таго дня, калі зьявяцца яшчэ дзьве пастаноўкі “Тутэйшых”, лёс якіх стане шчасьлівейшым, прынамсі, ужо таму, што яны будуць пастаўленыя ў новай, самастойнай краіне – Беларусь.

Рэжысэр Гарадзенскага лялечнага тэатра Мікола Андрэеў стварыў спэктакаль пра тое, як цяжка жыць маленькаму чалавеку ў часы пераменаў: прыходзяць палякі, немцы, расейскія бальшавікі, а ён, тутэйшы чалавек, застаецца са сваімі бедамі… Адмыслова да спэктакля актор, тады яшчэ як бард не вядомы шырокай публіцы, Віктар Шалкевіч напісаў песьню “Кароткая гісторыя Беларусі”.

І менавіта гэтая песьня стала найбольшым раздражняльнікам для савецкага і постсавецкага чынавенства пры культуры. Гаворыць Віктар Шалкевіч, які ў спэктаклі выконваў ролі адразу трох акупантаў – нямецкага, польскага і бальшавіцкага, і сьпяваў гэтую сваю песьню.

(Шалкевіч: ) “Яе калісьці круцілі на Беластоцкім радыё. Там ёсьць такія вершыкі: “загаўкалі сабакі, прыехалі палякі”. І вось аднойчы пазваніў нейкі вельмі цікавы каталік і пачаў: “Co vy tam puszczacie? Poliaki – sobaki… Ci slyszycie vogulie, co tam lieci?” І галоўны рэдактар Беларускай рэдакцыі Польскага радыё настолькі спалохаўся, што проста ўзяў і выразаў гэты кусок. А калі мы ігралі прэм’еру, і калі пачалася гэтая песьня, пры словах “прыехалі засранцы, папсавалі танцы”, дэманстратыўна ўсталі два нейкіх чалавекі і выйшлі. Яны былі дастаткова адметна апранутыя”.

Спэктакаль гарадзенскіх лялечнікаў жыве аж да сёньня, гэтаксама як і спэктакаль Міколы Пінігіна на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. У ім, як і ў магілёўскай пастаноўцы, у фінале ўзьнікаў сьцяг, толькі ўжо бел-чырвона-белы. Патас спэктаклю быў блізкі да патасу вулічных маніфэстацыяў супраць камунізму і за сувэрэннасьць Беларусі. Публіка востра рэагавала на бязьлітасныя заключныя сцэны, калі Сьмерць па чарзе косіць усіх тутэйшых.

За 14 гадоў, што ідзе спэктакаль, ён, на думку актораў, толькі набывае актуальнасьць, героі Купалы нібыта праходзяць новае кола выпрабаваньняў. Дадзім слова Віктару Манаеву, нязьменнаму выканаўцу ролі Мікіты Зноска.

(Манаеў: ) “Вы памятаеце словы Мікіты Зноска: “У нас там заводзіцца нейкая, меджду протчым, Беларуская Рэспубліка і што ўжо едзе старшыня Беларускага рэўкому Чарвякоў”. Ну, рэспубліка завялася, і праз гады тры-чатыры сапраўды Чарвякоў прыехаў, але зь іншым прозьвішчам… Потым у нас кіраўніцтва вырашыла, што калі памяняць колер сьцягу, то ўсе мы зажывем багата і добра. Ёсьць такія словы ў Янкі Купалы, калі прыбягае Наста і кажа, што да нас ідуць трэсьці, і на пытаньне маці Мікіты: ”Што рабіць?”, адказвае: “Вывешвайце хутчэй чырвоны сьцяг, гэта часам дапамагае!” А паміж гэтым… Памятаеце, калі ўсе тыя камуністы сталі беларусамі, калі гэта было выгадна, калі міністрамі замежных спраў сталі і іншымі, як гучалі словы Купалы, дзе Янка Здольнік кажа: “Цяпер на Беларушчыне кожны жук і жаба хоча зрабіць сабе кар’еру”. Прарочае служэньне Янкі Купалы працягваецца і па сёньняшні дзень.”

Вось з гэтае актуальнасьці спэктаклю паглядзець яго ў Менску ня проста. Ахвочых шмат, а пастаноўка то забараняецца, то аднаўляецца, але паказваецца разы два-тры на год. Дырэкцыя нават квіткі зрабіла даражэйшымі, чым на прэм’ерныя спэктаклі.

(Манаеў: ) “Забаранялі разы са тры дакладна. Як і Беларусь, гэтак і спэктакаль мае няпросты лёс. Адкрыўся сэзон у тэатры ў верасьні, а мы толькі недзе напрыканцы лістападу прапануем менчукам спэктакаль “Тутэйшыя”. Чаго ж вы хочаце – Янка Купала… “

(Ракіцкі: ) “Зноў п’еса камусьці замінае?”

(Манаеў: ) “Яна заўсёды замінала, яна ўсім замінае. Яна жывая, а ўсё тое, што жывое, выклікае адпаведныя рэакцыі”.
XS
SM
MD
LG