Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Галяндыі адбылося пахаваньне скандальна вядомага кінарэжысэра Тэа ван Гога


Юры Дракахруст, Прага Учора ў Галяндыі адбылося пахаваньне кінарэжысэра Тэа ван Гога, забітага мусульманскім экстрэмістам. Пасьля забойства ван Гога ў Нідэрляндах адбылося некалькі нападаў на мусульманскія школы. Пра праблемы стаўленьня галяндзкага грамадзтва да мусульманскіх імігрантаў – у матэрыяле нашага карэспандэнта.

Сотні людзей сабраліся ўчора каля амстэрдамскага крэматорыя, каб аддаць даніну памяці Тэа ван Гога, забітага на мінулым тыдні. У мусульманскай супольнасьці Нідэрляндаў выклікала абурэньне спрэчная кінастужка ван Гога пра дыскрымінацыю жанчынаў у мусульманскай грамадзе.

У сувязі з забойствам ван Гога паліцыя арыштавала 6 чалавек, галоўны падазраваны – эмігрант з Марока, які, як паведамляецца, зьвязаны з экстрэмісцкімі ісламісцкімі групоўкамі.

Пасьля забойства кінарэжысэра па Галяндыі пракацілася хваля нападаў на мячэці і мусульманскія школы.

У панядзелак у адной з такіх школаў адбыўся выбух, у дзень пахаваньня ван Гога яшчэ адна школа была падпаленая.

Улады дэманструюць рашучасьць у змаганьні з ісламскім экстрэмістам, сёньня тры галяндзкія паліцэйскія балі параненыя падчас спэцапэрацыі супраць экстрэмістаў. Але ва ўладаў выклікае занепакоенасьць і рост антымусульманскіх настрояў, які праявіўся ў нападах на мячэці і школы.

Шмат у каго выклікае перасьцярогу, што апошнія падзеі могуць істотна падарваць традыцыйную галяндзкую талерантнасьць.

У Галяндыі жыве 16 мільёнаў чалавек, мільён зь іх – мусульмане, пераважна імігранты з Турэччыны і Марока. Нідэрлянды да апошняга часу мелі вельмі лібэральнае іміграцыйнае заканадаўства. За кошт гэтага, а таксама дзякуючы высокай нараджальнасьці мусульманская грамада краіны імкліва расьце.

Паводле экспэртных ацэнак у 2010 годзе мусульмане будуць складаць большасьць насельніцтва буйных гарадоў, такіх як Амстэрдам, Ратэрдам, Гаага і Утрэхт.

Гаворыць галяндзкі палітоляг Герман Фаўшэ:

(Фаўшэ: ) “Мы мелі вялікую іміграцыю з краінаў Міжземнага мора і былых галяндзкіх калёніяў. Мы заўсёды былі вельмі талерантныя да імігрантаў, што безумоўна, добрая рыса галяндзкай культуры. Я мяркую, што мы былі крыху занадта талерантныя. У 70-я і 80-я гады у краіне фактычна панавалі вельмі моцныя палітычныя табу. Тады, калі Вы казалі, што імігрантам з Марока ці Турэччыны было б няблага далучыцца да галяндзкай культуры, Вас маглі абвінаваціць у тым, што Вы – расіст”.

Герман Фаўшэ лічыць, што апошняя хваля гвалту ўсё ж не пахісьне традыцыйную галяндзкую талерантнасьць. Аднак падчас нядаўняга апытаньня праведзенага галяндзкім тэлебачаньнем, 47% рэспандэнтаў адказалі, што сталі менш цярпіма ставіцца да мусульманаў пасьля забойства Тэа ван Гога.
XS
SM
MD
LG