Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Камароўскім рынку пачаўся рост цэнаў


Галіна Абакунчык, Менск У Савеце міністраў рыхтуецца пастанова, паводле якой кошт мяса й мясных прадуктаў у дзяржаўным гандлі будзе падвышаны на 5%. А на адным з буйных менскіх рынкаў, Камароўскім, кошты на мяса, каўбасныя вырабы, яйкі й іншую сельгаспрадукцыю падвышаюцца ўжо ад лістапада.

Кошт на мяса на Камароўцы вагаецца ў межах 8–9 тысяч беларускіх рублёў, на вэнджаныя вырабы — 10–12, каўбасы каштуюць ад 10 да 18 тысяч. Пра кошты пакупнікі рынку пагаджаюцца разважаць вельмі ахвотна:

(Спадарыня: ) “Каўбаска, мяска падаражэла — для нашай кішэні, дык і вельмі адчувальна. А што паднялі пэнсіі — дык што з таго? І кошты паднялі. Каб гэта наш урад даў магчымасьць пажыць месяц-два — увайсьці ў каляіну. А так з пазыкаў не вылазіш”.

(Спадарыня: ) “Да падвышэньня коштаў усе ставяцца адмоўна, бо жыць вельмі цяжка: падвысілі заробкі й падвысілі кошты, дык які вынік?”

Факт падвышэньня коштаў пацьвярджаюць і гандляры.

(Гандлярка: ) “Апошнія два тыдні падаражэньне ідзе. Сьвініна й ялавічына дык увогуле нашмат — на тысячу-паўтары”.

(Гандлярка: ) “Усё залежыць ад закупак: Лукашэнка падымае закупкі — мы падвышаем кошты. Яшчэ тысячы на 3–4 падвысіцца”.

Як паведамілі ў Міністэрстве гандлю, акрамя падвышэньня коштаў на закупку, урад рыхтуе пастанову аб падвышэньні кошту продажу мяса на 5%. Вось як гэта пракамэнтавала бугальтар аддзелу цэнаўтварэньня Раіса Юдэнка:

(Юдэнка: ) “Мяса крыху вышэй за ўзровень інфляцыі, бо яго недастаткова. Але гэта ў крамах, а на рынках там падвышэньне будзе не на 5% — гэта мы й самі ведаем, рынак ёсьць рынак”.

Паводле адмыслоўцаў, кошты на харчовыя тавары ў Менску амаль роўныя з маскоўскімі, а Масква лічыцца адным з самых дарагіх гарадоў у сьвеце. Але заробкі менчукоў значна меншыя, чым у масквічоў.

Як сьведчыць афіцыйная інфармацыя, у студзені-верасьні тарыфы на паслугі ў Беларусі павялічыліся на 11%, на спажывецкія тавары на 6%, на 10–14% — на розныя віды харчовых тавараў. Паводле намесьніка міністра эканомікі Ўладзімера Адашкевіча, да канца году на 10% вырастуць тарыфы на камунальныя паслугі, падвысіцца праезд у гарадзкіх і міжгародніх аўтобусах, а таксама на чыгунцы.
XS
SM
MD
LG