Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль палова гомельскіх прадпрымальнікаў яшчэ не атрымала ліцэнзіі на розьнічны гандаль


Казімер Яноўскі, Гомель Паводле зьвестак камітэту эканомікі Гомельскага аблвыканкаму, толькі 55% індывідуальных прадпрымальнікаў рэгіёну атрымалі ліцэнзіі на розьнічны гандаль. Бяз гэтага дакумэнта з 1 студзеня 2005 году дзейнасьць дробных гандляроў на рынках будзе спыняцца.

Кампанія ліцэнзаваньня гандлю на рынках была распачата ўладамі паводле дэкрэту №17 яшчэ ў 2003 годзе. Аднак большасьць індывідуальных прадпрымальнікаў тады ня здолела атрымаць ліцэнзіі. Новым дэкрэтам кампанія гэта была падоўжана да 1 студзеня 2005 году. Тым ня менш, дробныя гандляры не сьпяшаюцца атрымаць патрэбныя паперкі. Чаму? Пра гэта я пытаўся ў прадпрымальнікаў Цэнтральнага рынку.

(Прадпрымальніца: ) “Навошта нам гэтая ліцэнзія? Яна патрэбна толькі ў стацыянарных памяшканьнях, а не на адкрытым паветры. Такі лапік гандлёвага месца, дзе не разьвярнуцца, ня стаць, не абслужыць пакупніка — дзеля чаго тут ліцэнзія? Гэта проста трэба сарваць з нас грошы. Дзяржава — жабрак, і свае дзіркі латае за наш кошт”, — лічыць гомельская прадпрымальніца.

Паводле яе, у суседніх краінах для гандлю на рынках дастаткова пасьведчаньня прадпрымальніка і ўплаты падатку. У Беларусі ж дробнаму бізнэсу ствараюць шматлікія бар’еры. Распавядае прадпрымальнік Уладзімер:

(Уладзімер: ) “Гэта ўлады прыдумляюць, каб выкачваць з народу грошы. У бліжэйшы час патрабуюць прадставіць і дакумэнты пра гандлярскую адукацыю. Альбо прымушаюць ісьці вучыцца на пяцідзённыя курсы. Зноў трэба аддаць 100 эўра”.

Усё новыя і новыя патрабаваньні ўладаў да дробных бізнэсоўцаў вымушаюць многіх зь іх адмаўляцца ад працы на рынках.

(Прадпрымальніца: ) “Ужо няма сэнсу тут заставацца. Гандаль стаў затухаць. Падаткі й паслугі вельмі вялікія. Я падлічыла: мне трэба на месяц аддаць 300 тысяч рублёў. Гэта бессэнсоўна, бо столькі я магу і не зарабіць”, — кажа прадпрымальніца Ірына, якая нядаўна спыніла сваю дзейнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG