Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры Цэнтарвыбаркаму, акруговых і ўчастковых камісіяў атрымаюць прэміі за кошт эканоміі на другім туры выбараў


Юры Сьвірко, Менск Сёньня ЦВК зарэгістраваў 56 сяброў Савету Рэспублікі ад рэгіёнаў. Не чакаючы прызначэньня прэзыдэнцкімі ўказамі 8 сяброў верхняй палаты Нацыянальнага сходу, ЦВК склікала першую сэсію Савету Рэспублікі на 15 лістапада, а таксама дазволіла выплаціць прэміі сябрам выбарчых камісіяў за кошт “зэканомленых сродкаў”... Паседжаньне Цэнтарвыбаркаму доўжылася ўсяго 15 хвілін.

За гэты час сябры камісіі пасьпелі вырашыць усе пытаньні парадку дня, у тым ліку адмовіць у скарзе двум дэпутатам Менскага й Пухавіцкага раённых саветаў — Юрыю Зянковічу ды Аляксею Міхалевічу, якія прасілі прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў у Савет Рэспублікі ад Менскай вобласьці.

Як патлумачыла сябра Цэнтарвыбаркаму Надзея Кісялёва, улады Меншчыны вырашылі, што на сходзе ўсіх дэпутатаў вобласьці кожны раённы савет мусіць прадстаўляць ня больш за 70% яго дэпутатаў. Прычынай назвалі недахоп месцаў у залі палацу культуры Маладэчна, дзе адбыўся гэты сход. Месцаў не хапіла якраз апазыцыянэрам, аднак, паводле спадарыні Кісялёвай, іхныя “два галасы ніякага ўплыву на вынікі галасаваньня аказаць не маглі”, таму скаргу пакінулі без задавальненьня.

Пасьля гэтага вынікі выбараў у Савет Рэспублікі былі вельмі хутка зацьверджаныя, а датай адкрыцьця першай сэсіі новага складу верхняй палаты вызначылі 15 лістапада — на адзін дзень раней, чым Палаты прадстаўнікоў. Хаця ў дакладзе Аляксандру Лукашэнку старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына называла 8 сьнежня як дзень пачатку сэсіі Савету Рэспублікі.

Неафіцыйна ў Цэнтарвыбаркаме гэта тлумачаць жаданьнем пазьбегнуць сытуацыі чатырохгадовай даўніны, калі законы, прынятыя Палатай прадстаўнікоў другога скліканьня, мусіў ухваляць Савет Рэспублікі першага скліканьня — цяпер абедзьве палаты будуць працаваць сынхронна. Спадарыня Ярмошына ўжо займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі ў Савеце Рэспублікі, таму на паседжаньні ЦВК у сераду яе не было, старшыняваў яе намесьнік Ігар Андрэеў. Я задаў яму пытаньне пра кіраўніка Менску Міхаіла Паўлава, які патрэбныя для вылучэньня ў верхнюю палату пяць гадоў у сталіцы не пражыў, але быў зарэгістраваны яе сябрам. Спадару Паўлаву, як выявілася, залічылі ўсе пэрыяды яго знаходжаньня ў Менску, у тым ліку й кароткія:

(Андрэеў: ) “Там за кошт падвышэньня кваліфікацыі, за кошт… Я, напрыклад, асабіста не правяраў, але гэтае пытаньне ставілася, і калі падлічылі агульную працягласьць ягонага знаходжаньня ў горадзе Менску, то парушэньняў заканадаўства няма”.

Як жартуюць у кулюарах Цэнтарвыбаркаму, цяпер у пяцігадовы стаж пражываньня ў Менску будуць пры патрэбе залічваць і экскурсіі па сталіцы. Апошнім пытаньнем было пераразьмеркаваньне бюджэтных грошай, выдаткаваных на выбары. Выбаркамы Гомельшчыны й Віцебшчыны прапанавалі пусьціць на прэміі сябрам камісіяў грошы, зэканомленыя за кошт іншых артыкулаў каштарысу (у тым ліку й рэзэрву на другі тур выбараў). ЦВК з гэтым пагадзілася.

Сябры Цэнтральнай камісіі самі атрымалі прэміі па 400 тысяч рублёў, сябры акруговых і ўчастковых камісіяў атрымалі прэміі ў памеры іх месячных акладаў. Пры канцы паседжаньня ім да таго ж прапанавалі запісацца назіральнікамі на сьнежаньскія выбары ва Ўзбэкістан, але запісвацца трэба хутчэй, бо, як было падкрэсьлена, сябрам ЦВК трэба атрымаць згоду на камандзіроўку ад Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG