Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са спэцпрыёмніка выйшаў апошні палітвязень з тых, хто быў пакараны за акцыі на Кастрычніцкай плошчы


Любоў Лунёва, Менск З-за кратаў спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на волю выйшаў Вячаслаў Сіўчык. Гэта апошні палітвязень спэцпрыёмніка, пакараны за ўдзел у акцыях апазыцыі на менскай Кастрычніцкай плошчы пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня.

Вячаслава Сіўчыка сустракалі каля двух дзясяткаў чалавек. Старшыня клюбу “Спадчына” Анатоль Белы ўручыў Вячаславу Сіўчыку мэдаль.

(Белы: ) “Ганаруецца мэдалём Кастуся Каліноўскага за самаахвярнасьць з уручэньнем дыплёму і занясеньнем у кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь” Вячаслаў Сіўчык”.

Гэта быў ня першы арышт Вячаслава Сіўчыка, але ўпершыню ён адбываў пакараньне разам зь іншымі арыштаванымі ўдзельнікамі акцыі, а не ў асобнай камэры.

(Сіўчык: ) “Тыя ж умовы, што і былі, празь якія прайшлі, на жаль, тысячы беларускіх патрыётаў. Я вельмі ўдзячны. Перш за ўсё хачу падзякаваць людзям, якія знайшлі ў сябе мужнасьць і выйшлі 18 кастрычніка на Кастрычніцкую плошчу. Паводле маіх назіраньняў, недзе 90% гэтых людзей не зьяўляюцца сябрамі палітычных партыяў ці рухаў. Практычна беларускі народ бараніў сябе сам у гэты момант. Тое, што мяне сёньня так узнагародзілі пасьля выхаду з Акрэсьціна, для мяне вельмі важна. Я гэтага не чакаў і вельмі ўдзячны клюбу “Спадчына” і ўсяму беларускаму руху”.

Сын Вячаслава Сіўчыка Вітаўт трымаў бел-чырвона-белы сьцяжок. Валянцін Баранаў уручыў яму качан капусты, да якога прычапіў дзяржаўны сьцяг.

(Баранаў: ) “Гэта каб у таты заўсёды была капуста і вітаміны, а ў Вітаўта была сапраўдная Беларусь — і ў нас таксама”.

Тым часам Сяржук Мацкойц, арыштаваны 28 кастрычніка на 15 сутак, знаходзіцца ў шпіталі. У спэцпрыёмніку ў яго абвастрылася язва страўніка, і адміністрацыя ўстановы выклікала хуткую дапамогу.
XS
SM
MD
LG