Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваўкавыская пэнсіянэрка галадае трынаццаты дзень


Альгерд Невяроўскі, Менск Ваўкавыская пэнсіянэрка Валянціна Салдатава патрабуе, каб улады перагледзілі вынікі выбараў у Ваўкавыску, а таксама аднавілі выпуск “Местной газеты”. Спадарыня Салдатава гаворыць, што спыняць галадоўкі не зьбіраецца й будзе трымацца да апошняга.

70-гадовая Валянціна Салдатава распачала галадоўку 28 кастрычніка. Яна перакананая, што ў Ваўкавыскай выбарчай акрузе перамог мясцовы прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, а ўлады назвалі пераможцам іншага кандыдата. Яна таксама пратэстуе супраць прыпыненьня выхаду ваўкавыскай “Местной газеты”. Вось што Валянціна Салдатава гаворыць пра стан свайго здароўя:

(Салдатава: ) “Лекары мяне наведваюць, з гораду прыяжджаюць. Эндакрынолягі былі, бо ў мяне цукровы дыябэт. Таблетак нельга прымаць, пакуль я галадаю. А так ем вітаміны. Ваду п’ю, мне вады прывезьлі, дай Бог ім здароўя”.

Валянціна Салдатава гаворыць, што ўлады не зьвяртаюць на яе галадоўку ніякай увагі, але яна будзе галадаць, пакуль яе патрабаваньняў ня выканаюць. Тым часам рэдактар “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч, які ўчора спыніў галадоўку, рыхтуе новы нумар свайго тыднёвіка які, як ён спадзяецца, выйдзе на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG