Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны каардынатар сацыял-дэмакратаў у Бундэстагу: Неабходныя іншыя падыходы да дыктатураў, у тым ліку да беларускай


Ул. інф. Міжнародны каардынатар кіроўнай сацыял-дэмакратычнай партыі пры нямецкім Бундэстагу Маркус Мэкель перакананы, што колішнія надзеі Захаду на перамены ў краінах былога камуністычнага блёку пацярпелі фіяска. Неабходныя іншыя падыходы да дыктатураў, у тым ліку і да беларускай. Меркаваньні вядомага нямецкага палітыка выкладзеныя на старонках сёньняшняй бэрлінскай “Die Tageszeitung”.

Маркус Мэкель — вядомы экспэрт у пытаньнях нямецкай замежнай палітыкі, ён паходзіць з Усходняй Нямеччыны. У свой час ён быў адным са стваральнікаў гэдээраўскай партыі “Ost-SPD”, а пасьля падзеньня Бэрлінскага мура займаў пасаду міністра замежных справаў ГДР.

У асяродку нямецкіх сацыял-дэмакратаў Маркус Мэкель адрозьніваецца найбольш жорсткімі падыходамі ў пытаньнях нямецкай палітыкі адносна Беларусі. Паводле ягоных перакананьняў, тая палітыка разрадкі ў дачыненьні да ўсходняга блёку, якая ў свой час адыграла станоўчую ролю ва Ўсходняй Нямеччыне, патрабуе пераацэнкі ў сучасных умовах.

Безумоўнай памылкай Захаду ёсьць тое, што ён пэўны час разглядаў перамены ў былым усходнім блёку як перамены зьверху. На справе ж здарылася, што новыя палітычныя акторы не змаглі адпавядаць гэтай канцэпцыі.

З гэтых памылак трэба рабіць неадкладныя высновы, — лічыць Маркус Мэкель. “Ва ўмовах беларускага рэжыму, дзе прэзыдэнт Лукашэнка шляхам маніпуляванага рэфэрэндуму стварыў сабе ўсе шанцы для пажыцьцёвага кіраваньня, існуе шэраг апазыцыйных партыяў і незалежных няўрадавых арганізацыяў. Задача Нямеччыны і Эўропы падтрымаць і ўмацаваць гэтыя сілы”, — лічыць спадар Мэкель.

На ягоную думку, паколькі беларускія СМІ ёсьць пераважнай манаполіяй беларускай дзяржавы, неабходныя выключныя намаганьні. Ён прапануе паралельна з прафэсійнай падрыхтоўкай правінцыйных беларускіх журналістаў ствараць альтэрнатыўныя мэдыі, якія бы вялі перадачы з-за мяжы.

Спадар Мэкель перакананы, што Эўразьвяз мусіць быць гатовы да таго, каб падтрымаць беларускую апазыцыю ў пытаньнях візавай і міграцыйнай палітыкі. Як гэты было, напрыклад, у выпадку з Кубай, калі пасьля вядомай хвалі кастраўскіх рэпрэсіяў у сакавіку 2003 году, Брусэль узмацніў кантакты з кубінскімі дысыдэнтамі. Што да Беларусі, а таксама Ўкраіны, то ЭЗ мусіць прыкласьці надалей значна болей намаганьняў, каб падтрымаць дэмакратычныя сілы ў гэтых краінах, — перакананы нямецкі палітык Маркус Мэкель.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG