Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Настаўнікаў прымушаюць хлусіць дзецям пра гісторыю сваёй краіны”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Мы працягваем атрымліваць лісты, аўтары якіх разважаюць пра наступствы нядаўніх рэфэрэндуму і выбараў для будучыні Беларусі.

“Вы шмат гаворыце, што выбары і рэфэрэндум былі несумленнымі — ня так падлічылі галасы. Магчыма, і ня так. Можа, і прыбавілі пару мільёнаў. І што з таго? — піша нам Павал Болатаў зь Менску. — Народ у нас пакуль не настолькі адукаваны, каб самастойна прымаць рашэньні ў пытаньнях надзвычайнай важнасьці. Паедзьце ў нашыя вёскі й паспрабуйце распытаць у бабулек, ці ведаюць яны, што такое Канстытуцыя і для чаго яна патрэбна. Ніхто вам нічога ўцямнага не адкажа. Дык ці можна ад іх чакаць асэнсаванага адказу пра нейкую зьмену Канстытуцыі?

Людзі галасавалі за Лукашэнку. Пытаньне пра тое, ці прагаласавала за яго большасьць з тых, хто прыйшлі на ўчасткі — не стаіць. Нават вашыя прыкормленыя Захадам сацыёлягі называюць лічбу блізу 50 працэнтаў ад усіх выбарцаў, а гэта абсалютная бальшыня ад удзельнікаў галасаваньня. Так што Лукашэнка ў любым выпадку перамог — дастойных супернікаў сярод апазыцыі ў яго няма. Уладу проста няма каму перадаваць, таму Лукашэнка і пакінуў яе ў сябе, як у самага дастойнага на сёньняшні дзень. Ня можа ж ён проста кінуць усё тое, што ствараў 10 год. Міне час — зьявяцца ў нас новыя таленавітыя палітыкі, якія праявяць сябе; паразумнее народ і захоча выбараў паводле заходніх стандартаў, тады будзе іншая гаворка. А пакуль маем тое, што маем. І трэба спыніць любыя спэкуляцыі на гэты конт”.

Вы ўсур’ёз мяркуеце, спадар Болатаў, што некалі настане той час, калі Аляксандар Лукашэнка вырашыць, што ў Беларусі зьявіўся палітык, які больш за яго варты займаць прэзыдэнцкую пасаду? Ці шмат вы можаце назваць асобаў, якія б заявілі пра свае палітычныя амбіцыі й пасьля гэтага мелі магчымасьць выступаць па тэлебачаньні, радыё, даваць інтэрвію дзяржаўным газэтам?

Некаторыя чыноўнікі, чыімі рукамі й праведзеныя мінулыя палітычныя кампаніі, імкнучыся апраўдаць уласныя дзеяньні, таксама разважаюць прыблізна так: маўляў, існуе нейкая высокая мэтазгоднасьць, дзеля якой і трэба было напісаць такія лічбы, падаць такія вынікі. Але ніякая суб’ектыўна трактаваная мэтазгоднасьць ня можа замяніць сабой закон, сумленьне і справядлівасьць. У нядаўняй гісторыі камуністычная ўлада ня раз спрабавала апраўдваць свае дзеяньні мэтазгоднасьцю. І кожны раз пазьней выяўлялася, што зьнешне гуманнымі лёзунгамі прыкрывалі забойствы, рабаўніцтвы і гвалт над чалавечымі правамі.

Ліст ад Міхаіла Лекаха з Рыгі. Слухач піша:

“У мінулыя месяцы ў сваіх перадачах вы шмат месца адводзілі судоваму працэсу над Леванеўскім і Васільевым. Адна з вашых экспэртызаў нават была прысьвечана пытаньню — чым патлумачыць такі жорсткі прысуд. Але большасьць слухачоў незнаёмая з так званым “творам” Леванеўскага і Васільева. Дык як чалавек, які прывык думаць, можа аб’ектыўна ацаніць судовы працэс і вынесены прысуд?

Такім чынам, беларуская рэдакцыя Радыё Свабода чарговы раз паведамляе сваім шматтысячным слухачам паўпраўду: не паведаміўшы тэксту “твору”, насаджае ўласны пункт гледжаньня. Вы паступаеце так, як было ў савецкі час: “Не чытаў, але ведаю”. Чаму вы так паступаеце? Хіба гэта дэмакратычны падыход? Вядома, прасьцей гаварыць аб дэмакратыі, чым быць дэмакратам у рэальным паўсядзённым жыцьці. Калі Леванеўскі й Васільеў — ахвяры, і прысуд несправядлівы, то навошта хаваць ад радыёслухачоў аб’ектыўную і дакладную інфармацыю?”

Вершаваныя ўлёткі, якія сталі падставай для крымінальнай справы супраць Леванеўскага і Васільева, далёкія ад дасканаласьці і зусім не прэтэндуюць на літаратурныя ляўры. У іх ужываецца ня толькі нарматыўная лексыка, і яны зусім не былі разьлічаныя на тое, каб іх агучвалі ў эфіры альбо друкавалі ў мэдыях. Безумоўна, іхны зьмест крыўдны для Аляксандра Лукашэнкі.

Але гэтак сама крыўдна Джорджу Бушу альбо Герхарду Шродэру бачыць карыкатуры на сябе, чытаць зьедлівыя эпіграмы, слухаць сьмешныя пародыі. Прэзыдэнт Латвіі Вайра Віка-Фрэйбэрга, напэўна, таксама крыўдуе на вас, спадар Леках, калі вы ў сваіх шматлікіх публікацыях у расейскамоўным друку абвінавачваеце дзяржаву, якую яна ўзначальвае, у фашызьме і апартэідзе.Прычым, абвінавачаньні гэтыя далёка не заўсёды як сьлед аргумэнтаваныя. Але ж вас ня кідаюць за гэта ў турму.

Публічны палітык у дэмакратычнай дзяржаве гатовы да крытыкі, у тым ліку і ня надта дружалюбнай. У дзяржаве аўтарытарнай такая крытыка можа каштаваць чалавеку асабістай свабоды.

Віталь Самусевіч са Стоўпцаў разам зь лістом даслаў два разарваныя рэфэрэндумныя бюлетэні, якія яму выдалі падчас галасаваньня. Аркушы ён разарваў, паслухаўшы параду некаторых апазыцыйных лідэраў, якія такім чынам хацелі атрымаць доказы фальшаваньняў падчас падліку галасоў. Слухач піша:

“Перад рэфэрэндумам мясцовым начальнікам загадалі, каб забясьпечылі яўку. Тыя і пастараліся. У выніку галасаваць можна было ня толькі за сябе, але і за іншых. Я, напрыклад, прагаласаваў ня толькі за сябе — доказ чаго вам і дасылаю. Калі б у “Пяцёрцы+” не было правакатараў, людзі прыслалі б туды больш як 50 працэнтаў сапсаваных бюлетэняў. Таму хацелася б сказаць Анатолю Лябедзьку і ягоным аднадумцам: калі заклікаеце да чаго-небудзь, дык даводзьце справу да канца. Людзі прыслухаліся б. Хоць ім і пагражалі звальненьнямі, але ўсіх звольніць яны ня здолелі б”.

Ініцыятыва з сапсаванымі бюлетэнямі ўзьнікла вельмі позна, за некалькі дзён да пачатку датэрміновага галасаваньня. Гэтага часу было зусім недастаткова дзеля таго, каб правесьці эфэктыўную кампанію. Зь іншага боку, улады заўважна ўстрывожыліся, даведаўшыся пра задуму з разарванымі бюлетэнямі. Было нямала выпадкаў, калі людзей за гэта затрымлівалі й нават спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці. У кожным разе, набыць масавы маштаб гэтая кампанія наўрад ці магла.

Ліст ад Яўгена Кліменкі зт Пінску. Слухач піша:

“Трывожныя падзеі адбываюцца цяпер ва Ўкраіне. Там да ўлады можа прыйсьці Януковіч. А гэта ж амаль тое ж, што наш Лукашэнка. Таксама выступае за расейскую мову, за саюз з Расеяй. Калі ён пераможа, яны могуць аб’яднацца і аднавіць Савецкі Саюз. Зноў створаць “жалезную заслону”, зноў уся прамысловасьць будзе выпускаць толькі танкі ды ракеты, а па лядоўні ды тэлевізары будзем запісвацца ў чэргі. У адной Беларусі савецкі лад не адновіш: ня тыя маштабы. А вось калі далучыцца Ўкраіна зь яе карыснымі выкапнямі, абароннай прамысловасьцю, палівам — тут усё можа зьмяніцца”.

Вашыя апасеньні, спадар Кліменка, наўрад ці абгрунтаваныя. Аляксандар Лукашэнка дзесяць год выкарыстоўваў інтэграцыйныя лёзунгі ў сваёй палітыцы. Але так званая саюзная беларуска-расейская дзяржава сёньня існуе галоўным чынам на паперы. Любыя планы рэанімацыі Савецкага Саюзу рушацца ў той момант, калі паўстае пытаньне пра ўладу. Кожны палітычны лідэр (а аўтарытарны лідэр — асабліва) прэтэндуе на першую ролю. У Маскве ж пускаць беларускага прэзыдэнта на ўласнае палітычнае поле не пажадалі. І няма ніякіх падставаў чакаць, што яго раптам захочуць бачыць у Кіеве. Тым больш, што ніякіх плянаў саюзнага будаўніцтва Віктар Януковіч не абвяшчаў. Ды і ў пытаньнях русіфікацыі ён не прапануе ісьці так далёка, як зайшлі беларускія ўлады.

На заканчэньне — ліст ад настаўніцы Веры Холад з Пастаўскага раёну. Яна піша:

“Вельмі цяжка цяпер працаваць настаўнікам. Прымушаюць хлусіць пра гісторыю, мову, культуру. А пачнеш гаварыць дзецям праўду — страціш працу. Іншага ж занятку ў вёсцы ня знойдзеш. Адзінае выйсьце — маўчаць тады, калі ня хочаш хлусіць. На шчасьце, сярод дзяцей нямала разумных, здагадлівых і кемлівых. Нядаўна даведалася, што некалькі старшакласьнікаў вечарамі, як і я, слухаюць Беларускую Свабоду. Я зразумела гэта па іхных пытаньнях, якія яны задавалі на ўроку. Вядома, ні яны, ні я гэтага не афішуем. Але нашыя прыватныя гутаркі досыць шчырыя, і мы абменьваемся меркаваньнямі наконт пачутага. Мяне радуе тое, што якраз гэтыя вучні — лепшыя ў клясе. Не сумняюся, што праз год яны паступяць ва ўнівэрсытэты. І будучыня, я веру, за імі. А вам дзякуй за працу і за тое, што дапамагаеце выжыць сярод хлусьні й крывадушнасьці”.

Мы ўдзячныя вам, Вера, за цёплыя словы. Магчыма, сёньня для беларускага настаўніка гэта самая значная праява грамадзянскай і чалавечай мужнасьці — ня хлусіць тады, калі да гэтага змушаюць, і насуперак усім абставінам заставацца чыстым перад уласным сумленьнем.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG