Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць расьці цэны ў зьвязку з павышэньнем заробкаў і пэнсіяў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: аглядальнік Радыё Свабода Міхась Залескі й аглядальнік газэты “Беларускі рынак” Кастусь Скуратовіч.

(Валер Карбалевіч: ) “З 1 лістапада ў Беларусі павысіліся заробкі, пэнсіі, стыпэндыі. Зразумела, дзяржаўныя СМІ надаюць значную ўвагу гэтаму факту. Павышэньне дабрабыту насельніцтва — гэта заўсёды добра. Але ўзьнікаюць некаторыя пытаньні. Найперш, як гэтае павышэньне зьвязанае з палітычным чыньнікам, таму што абвяшчэньне аб ім было зробленае напярэдадні рэфэрэндуму? Па-другое, ці дазваляюць магчымасьці нашай эканомікі рабіць такія значныя сацыяльныя інвэстыцыі?”

(Міхась Залескі: ) “Тут можна весьці гаворку пра ўмацаваньне электаральнай базы. Уладу найбольш падтрымліваюць людзі зь нізкім узроўнем адукацыі, занятыя малакваліфікаванай працай, якія маюць нізкія заробкі. І цяперашняе павышэньне заробкаў найбольш закранае гэтыя слаі насельніцтва. Ідзе выроўніваньне даходаў. Улады імкнуцца захаваць невялікія суадносіны ў даходах паміж багатымі й беднымі слаямі насельніцтва. Усё гэта адбываецца за кошт тых групаў, якія працуюць больш плённа, то бок, за кошт больш прафэсійных і адукаваных слаёў насельніцтва”.

(Кастусь Скуратовіч: ) “У абсалютных памерах за гэты год заробкі, пэнсіі вырасьлі. Але калі паглядзець на структуру сабекошту адзінкі валавога прадукту, то можна адзначыць, што рэзка павялічылася доля матэрыяльных затратаў. Інакш кажучы, тут бачныя межы нашага эканамічнага росту. А калі ня будзе росту, то ня будзе падвышэньня заробкаў. Але праблема ў тым, што цэны на сыравіну і камплектныя фармуюцца не ў Беларусі, а ў Расеі. Таму — хочам мы ці ня хочам, але матэрыялаёмістасьць нашай прадукцыі будзе павышацца. І, адпаведна, будуць зьніжацца заробкі. А каб выйсьці з гэтай сытуацыі, непазьбежна трэба будзе павышаць розьнічныя цэны.

Возьмем такі прыклад. У гэтым годзе сабралі 7 мільёнаў тон збожжа. Для нас больш і ня трэба. Калі мы, напрыклад, павялічым ураджай удвая, сабярэм 14 мільёнаў тон, то мы ня будзем ведаць, куды яго дзець. Таму што ні прадаць, ні спажыць яго мы ня зможам. Таму я ня бачу крыніцаў для павышэньня заробкаў сялянства. І такая сытуацыя ў кожнай галіне эканомікі. Інакш кажучы, мы падыходзім да той рысы, калі вытворчыя фактары (магутнасьці, састарэлае абсталяваньне) не даюць аддачы, плёну, на якія разьлічвалі”.

(Карбалевіч: ) “Але ж заробкі растуць. Узьнікае пытаньне — за кошт чаго яны растуць?”

(Скуратовіч: ) “Калі зьмяншаюцца адлічэньні ў амартызацыйныя фонды, то ідзе “праяданьне” асноўнага капіталу. Гэта назіралася ўсе апошнія гады. Таму сёньня адбываецца штучнае падвышэньне заробкаў, якое апераджае рост прадукцыйнасьці працы, валавога прадукту”.

(Карбалевіч: ) “Аляксандар Лукашэнка ў чацьвер, адказваючы на пытаньні журналістаў, абверг магчымасьць росту цэнаў у зьвязку з павышэньнем заробкаў. Але падчас гэтага адказу прагучалі дзьве цікавыя тэзы. Па-першае, Лукашэнка сказаў, што цэны ў Беларусі самыя высокія. Па-другое, ён адзначыў, што такія высокія цэны зьяўляюцца вынікам росту цэнаў на энэрганосьбіты. Хоць вядома, што Беларусь купляе газ на цэнах, якія значна ніжэйшыя, чым ў Эўропе. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэты адказ?”

(Залескі: ) “Напачатку свайго праўленьня прэзыдэнт шакаваў грамадзтва тым, што загадаў цэнам спыніцца і павярнуць назад. У прыватнасьці, гэта тычылася цэнаў на хлеб. І рэгуляваньне цэнаў на працягу ўсяго часу прэзыдэнцтва было адным з козыраў, які выкарыстоўваўся і ў эканамічных, і ў палітычных дыскусіях. І вось мы дарэгуляваліся да таго, што ў нас цэны самыя высокія.

Цяжка меркаваць, ці Лукашэнка хацеў сказаць тое, што сказаў. Магчыма, гэта прагаворка ці памылка. Але, сапраўды, цэны ў нас эўрапейскія. Іншая рэч, што заробкі ў нас не эўрапейскія. Што тычыцца энэрганосьбітаў, то ня ўчора яны сталі дарагімі. І сапраўды, мы купляем энэрганосьбіты таньней, чым суседнія краіны, але эфэкт у іх большы”.

(Скуратовіч: ) “Міністэрства статыстыкі параўноўвае цэны ў Маскве і цэны ў Менску, напрыклад, на мяса і малако. І атрымліваецца, што ў нас яны заўжды ніжэйшыя на 30%. Але не параўноўваюць сярэднія заробкі ў Маскве і ў Менску. Таму што розьніца паміж імі вялікая. Сродкі рэгуляваньня цэнаў розныя. Могуць быць прамыя. А могуць забараніць імпарт пэўнай колькасьці прадуктаў харчаваньня зь Літвы, Польшчы, нават з Украіны. І робіцца ўстаноўка на павялічэньне долі беларускіх прадуктаў. І калі такія забароны будуць уведезеныя, то зьнікне сэнс параўноўваць нашыя тавары і замежныя. Мы будзем спажываць тое, што нам дадуць, і па той цане, якую вызначыць улада. Як было ў савецкі час”.

(Карбалевіч: ) “Працягнем размову наконт цэнаў. Вядома, што ў Беларусі – самая высокая інфляцыя ў СНД. Але Нацыяльны банк запэўнівае, што ў гэтым годзе лічбы росту інфляцыі ніжэйшыя за плянавыя, а ў наступным годзе сытуацыя ў гэтай справе будзе яшчэ лепшая. Але зь іншага боку, вядома, што ў наступным годзе пастаўленая задача павышэньня сярэдніх заробкаў да 250 даляраў. Як гэта магчыма зрабіць без друкаваньня пустых грошай? Цяжка ўявіць, што рост эканомікі будзе такі вялікі, што дазволіць так павялічыць заробкі. Ці ёсьць рэальным зьмяншэньне інфляцыі пры росьце сацыяльных расходаў?”

(Залескі: ) “Калі нам пашанцуе, і цэны на наш экспарт будуць значна абганяць цэны на імпартаваную прадукцыю, найперш на сыравіну, то зьявяцца вольныя рэсурсы, якія тэарэтычна могуць стаць крыніцаю безінфляцыйнага росту заробкаў. Зь іншага боку, цяжка ўявіць, як пры такім рэзкім росьце заробкаў, напампаваньні эканомікі грашыма ня будуць павышацца цэны. Таму што будзе ўзьнікаць дадатковы попыт. І я ня бачу пакуль лішкаў тавараў у нас, якія лёгка маглі бы быць скуплены пакупнікамі. Калі будзе павышацца попыт, то яго трэба забясьпечваць таварнаю масаю. Цяпер цяжка сказаць, як усё можа павярнуцца”.

(Скуратовіч: ) “Індэкс спажывецкіх цэнаў разьлічваецца па вельмі вялікай масе тавараў. Але калі мы зьвернемся толькі да спажывецкага кошыку, то ўбачым крыху іншы малюнак. За гэты год апераджальнымі тэмпамі расьлі цэны на мяса, малако, крупы, макаронныя вырабы. А інфляцыю ўдалося стрымаць за кошт масавага зьяўленьня на рынку бульбы, гародніны і іншага. Таму ў жніўні, верасьні й кастрычніку цэны ўтрымліваліся і нават па нейкіх пазыцыях зьнізіліся. А далей усё вернецца на свае колы. Глядзіце, гарэлка, цыгарэты падаражэлі. А што стала таньней, трэба добра пашукаць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам існуюць эканамічныя заканамернасьці, якіх немагчыма пазьбегнуць. Рост заробкаў, тым больш значны, магчымы толькі ў выніку росту эканомікі, валавога ўнутранага прадукту. Калі ж заробкі будуць павышацца без уліку магчымасьцяў эканомікі, то гэта заўсёды небясьпечна для фінансавай сыстэмы, можа прывесьці да росту цэнаў. Нягледзячы на аптымістычныя заявы кіраўніцтва дзяржавы, Нацыянальнага банку, у Беларусі можа захавацца самая высокая інфляцыя ў СНД”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG