Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 лістапада 1906 году ў Вільні выйшаў першы нумар газэты “Наша Ніва”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 10 лістапада

10 лістапада ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Параскева – апякунка прадзіва. Прасьці й ткаць у гэты дзень забаранялася.

Таксама 10 лістапада адзначаецца Сусьветны дзень моладзі.

10 лістапада ў 1906 годзе ў Вільні выйшаў першы нумар газэты “Наша Ніва”, якая праіснуе каля 10 гадоў і зь якой выйдзе ўсё беларускае нацыянальнае адраджэньне 20-га стагодзьдзя. У 1991 годзе “Наша Ніва” аднавілася, і цяпер штотыдзень выходзіць у Менску.

10 лістапада 1920 году армія генэрала Булак-Балаховіча ўвайшла ў Мазыр. Тут Станіслаў Булак-Балаховіч абвясьціў сябе начальнікам Беларускай Дзяржавы. Пачалося стварэньне органаў самакіраваньня, былі выпушчаныя паштовыя маркі. Тым часам бальшавікі перакідалі на Палесьсе свае войскі з Крыму. Пад іхным наступам ужо 20 лістапада Булак-Балаховіч будзе вымушаны пакінуць Мазыр.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 10 лістапада ў розныя гады, згадаем сёньня нямецкага рэфарматара царквы Марціна Лютара, нямецкага паэта і драматурга Ёгана Фрыдрыха фон Шылера, расейскіх канструктараў самалётаў і зброі Тупалева і Калашнікава ды актуальнага прэзыдэнта Кіргізіі Аскара Акаева.

А яшчэ 10 лістапада 1951 году лічыцца днём нараджэньня Кнігі рэкордаў Гінэса. У гэты дзень кіраўнік аднайменнай брытанскай броварнай кампаніі ня змог падстрэліць у часе паляваньня залатую ржанку. Ягоныя спадарожнікі пачалі высьвятляць, якая птушка ў Брытаніі самая хуткая. Аказалася, што няма даведніка, з дапамогай якога можна было б разьвязаць спрэчку. Так дзякуючы ржанцы нарадзілася ідэя стварыць кнігу ўсялякіх выбітных дасягненьняў. Між іншым, у Кнізе рэкордаў Гінэса ёсьць нямала беларусаў. Напрыклад, мастак Аляксандар Кішчанка са сваім агромністым “Габэленам стагодзьдзя”. Або магілёвец Аляксандар Бендыкаў, які зрабіў піраміду – на рабры адной вэртыкальна ўстаноўленай манэты разьмясьціў яшчэ 800 штук. А яшчэ Альбэрт Скараход, які сваю песьню “Перакулены сьвет” выканаў, стоячы на галаве. На Дзень сьвятога Валянціна ў 1999 годзе ў Менску ўстаноўлены рэкорд самага масавага пацалунка. Адначасова цалаваліся 5.900 дзяўчат і юнакоў. Магілёўская карова патрапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса за тое, што ў 1964 годзе нарадзіла адразу 7 цялят.
XS
SM
MD
LG