Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Дзянісаў: у цэнтры Менску “зьнішчаецца архітэктура фасадаў”


Галіна Жарко, Менск Менск уражвае замежнікаў сваім воблікам імпэрскага гораду, пабудаванага ў стылі савецкага манумэнталізму. Няспыннае добраўпарадкаваньне й рэканструкцыі сталіцы апошняга часу таксама здольныя зьдзіўляць, але хіба што адсутнасьцю густу. А мастацтвазнаўцы й архітэктары называюць тое, што робяць у цэнтры горада, злачынствам.

У размове пра помнікі з адным з мастацтвазнаўцаў я пачула такое: “бюст герою-лётчыку Грыцаўцу сваімі шырокімі плячыма стараецца прыкрыць тую пачварнасьць, у якую ператварылі сквэр ад вуліцы Карла Маркса да праспэкту пасьля ягонае рэканструкцыі”. А просьценькая шкляная пірамідка каля адноўленае Ратушы, зазірнуўшы ў якую можна ў сутарэньнях убачыць залю паседжаньняў, паўстала на месцы знакамітага фантана – выдатнага помніка малых архітэктурных формаў 30-х гадоў.

Ёсьць яшчэ іншая праблема, якая моцна непакоіць спэцыялістаў. Вось што кажа намесьнік старшыні гарадзкое рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры Уладзімер Дзянісаў:

(Дзянісаў: ) “Зьнішчаецца архітэктура фасадаў. Аўтэнтычная драўляная ваконная й дзьвярная сталярка замяняецца на сучасны плястык, што наагул забаронена ў помніках архітэктуры ва ўсім сьвеце. Ахоўныя органы, якія павінныя кантраляваць сыстэму рэканструкцыі гэтых помнікаў фактычна гэтым не займаюцца. Больш таго, Камітэт па архітэктуры Мінгарвыканкаму лабіруе некаторыя прыватныя фірмы, якія распаўсюджваюць гэтую плястыкавую сталярку. Дастаткова сказаць, што на будынку Камітэта па архітэктуры, які таксама зьяўляецца помнікам, была ў мінулым годзе цалкам замененая аўтэнтычная гістарычная сталярка ў стылі мадэрн на сучасны плястык. Прабіваюцца новыя дзьвярныя праёмы”.

Уладзімер Дзянісаў адзначае, што архітэктура фасадаў будынкаў на праспэкце вельмі выразная, бо ансамбаль вырашаўся да драбніц. Гэта архітэктура высокага клясу й мастацкага ўзроўню. Мастак Артур Клінаў назваў Менск “трыюмфальнай аркай, брамай на ўезьдзе ў Імпэрыю”. Бо, сапраўды, цяперашні Скарынаўскі, а раней праспэкт Сталіна, потым Леніна, мае працягам дарогу на Маскву. Калі Менск ляжаў у руінах пасьля другой сусьветнай вайны, вырашана было будаваць менавіта сталіцу, а не аднаўляць таго гораду, што быў да вайны.

Паводле фотаздымкаў, да вайны Менск меў выгляд эўрапейскага гораду. Цяпер жа, паводле даручэньня прэзыдэнта, у цэнтры плянуецца стварыць “кавалак” Заходняе Эўропы. Дзеля гэтага ў стылі мадэрн будзе адноўлена нешта падобнае на колішні гатэль “Эўропа”. І месца вакол яго набудзе, паводле абяцаньня Аляксандра Лукашэнкі, эўрапейскі выгляд ня толькі звонку, але й па сутнасьці. Але вось якія прыкметы “эўрапейскасьці” Уладзімер Дзянісаў ужо заўважыў на сталічным праспэкце.

(Дзянісаў: ) “Зьявілася сыстэма крамаў зь ня надта прыстойнаю назваю “Сохо”. Мы ведаем, што ў Лёндане гэта раён зь вельмі сумнеўнаю рэпутацыяй. Нідзе на цэнтральным праспэкце такія назвы ня могуць зьявіцца. А у нас на праспэкце Скарыны зьявілася крама пад назваю “Сохо”.

Частка Менску, пабудаваная ў 50-я, набыла статус гістарычнага помніка. У нарматыўных дакумэнтах па захаваньні архітэктуры гаворыцца, што павінны захоўвацца гістарычны характар старога гораду незалежна ад таго старажытны гэта горад альбо горад ХХ стагодьдзя.

Падчас сустрэчы з жыхарамі Менску Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што цягам пяці гадоў сталіца павінна карэнным чынам зьмяніцца. Тое, што робіцца цяпер – гэта толькі пачатак ажыцьцяўленьня комплекснага пляну па добраўпарадкаваньні горада. А на сталіцу раўняюцца ўсе іншыя беларускія гарады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG