Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Халезін: “Я прыйшоў” у МХАТ


Ігар Карней, Менск У Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры (МХАТ) імя Чэхава неўзабаве пачнуцца рэпэтыцыі п’есы Мікалая Халезіна пад назвай “Я прыйшоў”. Дагэтуль Халезіна ў Беларусі больш ведалі як мастака, журналіста і актывіста грамадзкай ініцыятывы “Хартыя-97”. А вось апошнім часам Халезін пачаў пісаць п’есы і нават атрымаў ўзнагароды на расейскіх конкурсах драматургіі “Эўразія-2004” у Екацярынбургу і “Дзейныя асобы” у Маскве. Узьнікае зусім натуральнае пытаньне: чаму п’есу аўтара зь Беларусі ставяць у Маскве, а не ў адным з беларускіх тэатраў?

Абвешчана, што прэм’ера спэктаклю паводле п’есы Мікалая Халезіна “Я прыйшоў” на так званай “новай сцэне” МХАТу заплянаваная на пачатак лютага наступнага году. Чаму менавіта ў Маскве? Ведаючы дастаткова актыўную колісь грамадзкую і палітычную пазыцыю Халезіна, падумалася, што да нежаданьня бачыць на драматургічным небасхіле новае імя магло спрычыніцца міністэрства культуры Беларусі, якое адсочвае ўсе літаратурныя стасункі паміж аўтарамі і тэатрамі.

А мо прычынаю – інэртнасьць беларускіх рэжысэраў, якая ў свой час стала прычынаю дэбюту і іншых драматургаў спачатку ў Маскве, а пасьля ўжо ў Беларусі? Галоўны рэдактар рэпэртуарна-рэдакцыйнай калегіі ўпраўленьня мастацтваў Вацлаў Валадзько падобныя падазрэньні рашуча адрынуў:

(Валадзько: ) “Я займаюся драматургіяй больш за 20 гадоў, і ў міністэрстве па-за мной не маглі прайсьці пытаньні нейкай п’есы і драматургіі наогул. Я ўпершыню чую такое прозьвішча і заяўляю, што ніхто ні да каго не зьвяртаўся. А калі ўсё ставіць на “шалі” – дзе больш заплацяць – то які камэнтар можа быць на гэтую тэму?”

Сам аўтар п’есы “Я прыйшоў” пацьвярджае, што свой драматургічны твор ніякаму тэатру ў Беларусі не прапаноўваў, а адразу накіраваў яго на конкурс у Расеі. І як толькі п’еса стала ляўрэатам конкурсу “Эўразія-2004”, яе надрукаваў альманах “Балтийские сезоны”. Прачытаць твор можна таксама ў зборніку “Действующие лица”, а ў студзені ён зьявіцца і ў аўтарытэтным расейскім альманаху “Современная драматургия”. Публікацыі былі ў расейскіх выданьнях, таму, натуральна, п’есу маглі і не заўважыць беларускія дзеячы сцэны. Прынамсі, ніводны зь менскіх крытыкаў, зь кім давялося ўчора пагутарыць, п’есу пакуль што не чыталі.

Я запытаўся ў Мікалая Халезіна: чаму ён праігнараваў беларускую сцэну? Мо баіцца, што тут не зразумеюць ягоную задуму? І атрымаў адказ: беларускія тэатры ягоная п’еса наўрад ці зацікавіць перадусім таму, што тут цяпер тут у пашане “прыдворныя драматургі”.

(Халезін: ) “Паводле тэматыкі яна якраз і пройдзе, з-за прозьвішча ня пройдзе. А другое – ёсьць пэўныя ўмовы, якія, я хачу, каб у нашай краіне выконваліся. Існуе Гільдыя драматургаў і сцэнарыстаў. І там абумоўлена, што за сваю працу мы хацелі б атрымліваць пэўныя грошы. У нас за гэта плаціць чамусьці ўвогуле не прынята. Дакладней, падыходы вельмі выбарныя. Дудараў атрымлівае за “Вітаўта” ад запаўняльнасьці залі 25%. Усе астатнія – 5-7%, у лепшым выпадку –10%. Таму нам прасьцей, каб ўсё гэта папросту ня ставілася”.

У любым выпадку, Мікалай Халезін жыве ў Беларусі, і ягонае драматургічнае імя будзе стасавацца з гэтай краінай. І ён кажа, што канчаткова не дыстанцыюецца ад Беларусі. Цяпер ідуць перамовы з Малым тэатрам Ігара Забары, які з павагай ставіцца да маладых рэжысэраў, драматургаў, актораў, сцэнографаў. Праўда, Малому тэатру Мікалай Халезін прапануе ня п’есу “Я прыйшоў”, а новую, над якой зараз і працуе.

Пакуль жа ўвага Халезіна сканцэнтраваная на іншым: чакаецца, што акурат сёньня ці заўтра мастацкі кіраўнік МХАТу Алег Табакоў канчаткова разьмяркуе ролі ў спэктаклі “Я прыйшоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG