Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І ў Беларусі ёсьць свой супэркампутар


Юлія Шарова, Менск У Злучаных Штатах усталяваны рэкорд хуткасьці ЭВМ. Кампанія IBM днямі прэзэнтавала прататып супэркампутара Blue Gene/L, на аснове якога плянуецца стварыць самую хуткую ЭВМ у сьвеце. Хуткасьць апрацоўкі дадзеных на амэрыканскай вылічальнай машыне можа перавышаць 70 трыльёнаў апэрацыяў у сэкунду. А ўчора ў Менску адчынілася выстава PTS, дзе можна пазнаёміцца з айчыннымі навінамі ў галіне кампутарных тэхналёгіяў.

У Беларусі таксама ёсьць свой супэркампутар, які стварыў навукова-дасьледчы інстытут ЭВМ. Але ў параўнаньні з Blue Gene/L ён проста малеча: хуткасьць апрацоўкі інфармацыі беларускага супэркампутара – усяго 2,4 трыльёна апэрацыяў у сэкунду, а зьмяшчаецца машына ў васьмі шафах памерам са звычайную хатнюю лядоўню кожная. Амэрыканскі кампутар, калі ў наступным годзе яго зусім давядуць да ладу, зойме ажно 60 гіганцкіх шафаў.

Паводле супрацоўнікаў беларускага інстытута, іхны супэркампутар уваходзіць у лік 200 найлепшых напрацовак сьвету, але хуткасьць ягоная пакуль не дае падставы асабліва ганарыцца гэтай машынай.

Па вялікім рахунку, у Беларусі ёсьць некалькі супэркампутараў, кажа начальнік бюро адзелу маркетынга й матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня інстытута ЭВМ Кірыл Дуфайла:

(Дуфайла: ) “Акадэмія навук хацела набыць такі супэркампутар, каб мадэляваць на ім працэсы плязмы – як там і што адбываецца. Бо гэта дастаткова складана й звычайны кампутар не дазволіць такога зрабіць”.

Падобныя машыны працуюць таксама ў двух-трох іншых арганізацыях. А самы вялікі супэркампутар, пра які вялося вышэй, стаіць зараз у самім інстытуце ЭВМ і чакае свайго пакупніка.

Што перашкаджае беларускім навукоўцам стварыць больш магутную машыну? Спадар Дуфайла ў гутарцы са мной сказаў, што на такія распрацоўкі няма дастатковага фінансаваньня. Да таго ж, не заўсёды супэркампутары запатрабаваныя.

(Дуфайла: ) “Так, усё ўпіраецца ў грошы. То бок, стварыць можна супэркампутар абсалютна любых парамэтраў, толькі калі такую машыну стварыць і проста паставіць для таго, каб яна была й наяўнасьць сваю пацьвярджала – для нас гэта вельмі дорага”.

На машыну, якая цяпер стаіць у інстытуце ЭВМ, пакупнік ужо знайшоўся. Але набываць яе будуць часткамі – кампутар такой магутнасьці цалкам у Беларусі пакуль нікому не патрэбны.
XS
SM
MD
LG