Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сваім паседжаньні ЦВК зацьвердзіць сьпіс 56 сэнатараў


Алесь Дашчынскі, Менск 10 лістапада Цэнтравыбаркам падвядзе канчатковыя вынікі выбараў у Савет рэспублікі. Паводле афіцыйных тэхнолягаў выбарчага працэсу, гэта кампанія прайшла ціха і спакойна, на безальтэрнатыўнай аснове, хаця закон дапускае альтэрнатыву. На 56 месцаў прапаноўвалася фактычна 56 кандыдатаў. Такая сытуацыя склалася ў кожнай вобласьці і ў Менску. Урэшце, 8 сэнатараў прызначыць прэзыдэнт. Таму ў Цэнтравыбаркама няма ніякіх цяжкасьцей зацьвердзіць на сёньняшнім паседжаньні сьпіс сэнатараў.

У ЦВК не хаваюць, што гэтыя выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове. Чаму ж так здарылася? Меркаваньне сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка:

(Лазавік: ) “Гэтыя выбары значна менш палітызаваныя, тут няма асабістых амбіцый. Суб’ектамі, якія маюць права вылучаць кандыдатаў, выступаюць прэзыдыюмы раённых гарадзкіх саветаў і адпаведныя выканаўчыя камітэты. Яны, як органы дзяржаўныя, падыходзяць больш узважана і ўзгоднена да вылучэньня кандыдатаў. Гэта робіцца для таго, каб лішні раз не баламуціць грамадзкую думку і не нагнятаць палітычную напружанасьць”.

Відаць, дзеля таго, каб не нагнятаць напружанасьці, да гэтых безальтэрнатыўных выбараў не былі дапушчаныя апазыцыйныя дэпутаты. Гэтак, у Цэнтральную камісію паступіла скарга ад дэпутата Менскага райсавета Юрыя Зянковіча і дэпутата Пухавіцкага райсавета Аляксея Міхалевіча, у якой яны просяць прызнаць вынікі галасаваньня па выбарах сябраў Савета рэспублікі ад Менскай вобласьці несапраўднымі. Прычына ў тым, што гэтыя й іншыя дэпутаты былі пазбаўленыя права ўдзелу ў выбарах сэнатараў. Тлумачыць Юры Зянковіч:

(Зянковіч: ) “Нават маючы поўны кантроль над сытуацыяй, нашы ўлады ня могуць зусім без фальсыфікацыяў, таму штучна абмяжоўваюцца правы дэпутатаў абіраць нават на безальтэрнатыўнай аснове. Калі вылучаецца 8 дэпутатаў на 8 месцаў, то натуральна, што яны будуць абраныя. Колькі там будзе галасоў “супраць”, гэта ўжо ня так істотна. Улады ніжэйшага ўзроўню проста баяцца паказаць перад вышэйстаячымі, што існуе нейкая фронда, пазыцыя ў іх вотчыне”.

У выніку, Савет рэспублікі фармуецца з асобаў, якія маюць адно меркаваньне і галасуюць толькі “за”. Як жа тады будзе працаваць такая палата? У гэтым сэнсе былы старшыня Савета рэспублікі Аляксандар Вайтовіч, які цяпер ачольвае грамадзкую ініцыятыву “За справядлівыя выбары”, адзначае, што няма розьніцы, як фармуецца Савет рэспублікі – безальтэрнатыўна альбо з альтэрнатывай:

(Вайтовіч: ) “Ніякага ўплыву на жыцьцё ў краіне ён аказаць не можа. Перш-наперш таму, што парлямэнт – зусім не самастойная галіна ўлады ў краіне. Тады ўзьнікае пытаньне: ну і што з таго, так ён фармуецца ці па іншаму, усё роўна не самастойная. У канстытуцыі запісана, што гэта самастойныя галіны ўлады, але гэтага ў нас няма ў краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG