Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары прэзыдэнта Ўкраіны: Януковіч пагаджаецца на тэледэбаты з Юшчанкам


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ўвечары чакаецца падвядзеньне Цэнтрвыбаркамам Украіны канчатковых вынікаў першага туру прэзыдэнцкіх выбараў 31 кастрычніка. Паседжаньне ЦВК прызначанае на 18 гадзінаў, на яго разгляд паступілі пратаколы з усіх 225 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Тым часам у штабе праўладнага кандыдата прэм’ера Віктара Януковіча заявілі, што ранейшае пазыцыя аб ягоным няўдзеле ў тэледэбатах перагледжаная.

Упершыню ў гісторыі Ўкраіны вынікі выбараў падводзяцца больш за тыдзень.

Пакуль зацягваўся падлік, прыхільнікам Віктара Януковіча ўдалося дамагчыся скасаваньня ў апэляцыйным судзе вынікаў выбараў ў двух акругах Чаркаскай вобласьці – гэта сем раёнаў. Раней абласная пракуратура абвінаваціла прадстаўнікоў штабу Юшчанкі ў спробе подкупу сябраў выбарчых камісіяў у гэтых акругах. Такім чынам, вынікі выбараў у сямі раёнах Чаркашчыны, дзе лідзіруе Віктар Юшчанка, у канчатковым выніку ўлічаныя ня будуць. Гэта можа дапамагчы ягонаму канкурэнту прэм’еру Януковічу захаваць сымбалічны адрыў перад другім турам галасаваньня.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Віктара Януковіча Сяргей Цігіпка сёньня заявіў аб зьмене раней агучанай пазыцыі Януковіча наконт няўдзелу ў тэледэбатах. Цігіпка паведаміў, што падрыхтоўка ягонага кандыдата да тэледэбатаў пачалася, але дэбаты з прадстаўніком апазыцыі Віктарам Юшчанкам пройдуць пры ўмове, што той выбачыцца перад Януковічам за абразы. Юшчанка на гэта зазначае, што абразы пад час выбарчай кампаніі былі і на ягоны адрас, напрыклад, у Данбасе расклейвалі плякаты, дзе Юшчанка апрануты ў форму афіцэра СС.

Журналістка кіеўскага тыднёвіка “Дзеркало тыжня” Вольга Дзьмітрычава перакананая, што дэбаты Януковіча і Юшчанкі не адбудуцца, бо Януковіч сьвядома ставіць невыканальную перадумову.

Тым часам Віктар Юшчанка сустрэўся з кіраўніком Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Уладзімерам і атрымаў ягонае блаславеньне. Юшчанка паабяцаў у выпадку ягонага абраньня прэзыдэнтам ня ўмешвацца ў міжканфэсійныя адносіны.

Якім будзе абвешчаны вынік першага тура прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, слухайце пазьней у нашых перадачах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG