Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Больш за 30% ваенных карэспандэнтаў – жанчыны


Сьвятлана Курс, Прага Да 1970 году, згодна падлікам Інстытута Брукінга, толькі 6% ваенных карэспандэнтаў былі жанчынамі. У 1992 годзе іх было ужо 30%. З таго часу колькасьць жанчын-ваенных карэспандэнтаў усё расьце. У матэрыяле Сьвятланы Курс ваенныя карэспандэнткі разважаюць аб праблемах і перавагах, зь якімі сутыкаюцца карэспандэнткі ў гарачых кропках у параўнаньні з калегамі-мужчынамі.

У Нью-ёркскім “New School” унівэрсытэце зладзілі дыскусію з удзелам самых вядомых і кваліфікаваных ваенных рэпартэрак і студэнтаў. Карэспандэнткі адзначылі, што маюць шмат перавагаў у зонах ваенных дзеяньняў, але апошнім часам бясьпека жанчын-карэспандэнтаў у гарачых кропках значна пагоршылася.

Дэбра Эймоус, якая працуе ў Іраку на Нацыянальнае грамадзкае радыё ЗША і тэлеканал АВС, кажа, што раней у арабскай жаночай вопратцы вельмі проста было замяшацца ў натоўп. Цяпер жа тамтэйшыя людзі зь лёгкасьцю навучыліся пазнаваць іншаземак нават з закрытымі тварамі і фігурай.

Пасьля выкраданьня брытанкі Маргарэт Гасан была паламаная забарона на выкраданьне жанчын, якая існавала ў ісламскіх культурах.

Гаворыць Дэбра Эймоўс:

(Дэбра Эймоўс: ) “У тыя добрыя часы ні адна з нас не магла стаць ахвярай выкраданьня. Мы былі ў зручным становішчы, бо не магло быць выкраданьня жанчын у гэтай частцы сьвету. Я ведала, што калі б мяне ўкраў арабскі мужчына, я б прыгразіла, што раскажу ягонай маці, і канец з тым. (Сьмех у аўдыторыі). А цяпер – як паказалі апошнія два месяцы – гэты культурны бар’ер быў зламаны”.

Адзін з самых высокапрафэсійных журналістаў, якія працуюць пры амэрыканскіх войсках у Фалюджы – шэф Багдадзкага бюро CNN Джэйн Араф.

Стэйсі Саліван – старэйшая рэдактарка Інстытуту па асьвятленьню вайны і міру, няўрадавай арганізацыі, што вядзе трэнінгі для журналістаў зь пераходных краінаў. Яна працавала для “Newsweek” падчас вайны ў былой Югаславіі у 1990-х.

(Саліван: ) “Было тут вельмі мала нязручнасьцяў, але якраз больш перавагаў. Як жанчына, я выклікала большы давер на кантрольна-прапускных пунктах, якія ахоўвалі басьнійскія салдаты. Калі цябе затрымліваюць, самае страшнае, што з табой можа здарыцца – нейкія спробы флірту з боку жаўнераў і спробы дакрануцца да цябе. Я рэальна адчувала, што маю перавагі як жанчына”.

Элізабэт Рубін, якая пісала для “The New York Times Magazine” з Аўганістану, сказала:

(Рубін: ) “Ёсьць перавагі ў традыцыяналісцкіх краінах. У Аўганістане я магла ўвайсьці ў заднюю частку дому – вы ж ведаеце, жанчыны і мужчыны жывуць у розных частках дому – і часта вы маглі ўбачыць жыцьцё цэлага паселішча праз сьцяну гэтага дома. І я магла бачыць зусім адрозны сьвет, недаступны для маіх калегаў мужчынскага полу. Вельмі цяжка журналісту-мужчыну атрымаць доступ да жаночага сьвету. Жанчыны тут маюць істотную перавагу”.

Эма Дэйлі, былая балканская карэспандэнтка брытанскай газэты “Independent”, працуе у гарачых кропках разам з мужам-фатографам. Яна кажа, што напруга і пакуты ад гэтай працы такія вялікія, што іх лягчэй перанесьці, калі ты вяртаесься вечарам да кагосьці, хто цябе разумее, хто сам жыве ў гэтым сьвеце.

І яшчэ адзін факт адрозьнівае кар’еру карэспандэнтак ад кар’еры іх калегаў-мужчын. Дэйлі – адзіная матка сярод удзельніц дыскусіі, сказала, што яе цяжарнасьць паклала канец яе кар’еры ваеннай журналісткі.
XS
SM
MD
LG