Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маскву бралі мы, ліцьвіны, цяперашнія беларусы, разам з палякамі”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 9 лістапада 2004г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Мікола Саскевіч: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! Хачу зьвярнуць вашую ўвагу на сьвята, якое хочуць увесьці ў Расеі: 4 лістапада – вызваленьне ў 1612 годзе горад Масква ад палякаў.

Я глядзеў наступныя перадачы па расейскім тэлебачаньні: “Зеркало”, “Апельсиновый сок” і сёньня слухаў радыёперадачу “Голас Амэрыкі”. І ўсе яны казалі пра гэтае, як бы, сьвята. Але ўсе паважаныя вядомыя журналісты ўмаўчалі, што палякі для нас, ліцьвінаў, цяперашніх беларусаў, зьяўляюцца брацкім народам, і што Маскву бралі мы, ліцьвіны, цяперашнія беларусы, разам з палякамі. Дык як Расея будзе адзначаць гэтае, як бы, сьвята? Тым больш хачу нагадаць, што Расея ўчыніла генацыд супраць нашага народу з 1654 па 1667 год, выразаў большую частку нашага насельніцтва і навязаў нам сваю прыдуманую нацыянальнасьць беларус. І калі мы пачуем ад Расеі прабачэньня? Дзякуй за ўвагу. Жыве Беларусь і Свабода!”

(Спадарыня: ) “Яшчэ ня скончаны аналіз вынікаў верасьнёўскіх выбараў, рэфэрэндуму, а ўжо думкі многіх зьвярнуліся да будучай прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году. Напэўна гэта правільна. Але, здаецца мне, што беларусаў чакаюць тыя самыя граблі і зноў па тых жа самых ілбах. Бо справядлівых выбараў на Беларусі ўжо ня будзе. Зноў адбудуцца пачварныя мерапрыемствы, фарс, з 96% “плюс-мінус” 2-працэнтовымі вынікамі элегантнай камбінацыі з трох пальцаў пад нос апазыцыі, а заадно і ўсяму народу, калі ён пойдзе за гэтай апазыцыяй.

На жаль, большасьць думаюць не галовамі, а страўнікамі, бо 40% насельніцтва жыве за рысай беднасьці, гэтага не абвяргае нават афіцыйная статыстыка. А чалавеку, які штодня думае, як яму выжыць, не да высокіх матэрыяў; не хвалюе яго ня лёс палітычных вязьняў, не зьнікненьне людзей. Такі чалавек сам і вязень, і закладнік уладара, і яго вэртыкальнай лігі. Так што спачатку трэба падрыхтаваць умовы для правядзеньня свабодных законных выбараў, а ня фарсу. Вось тады і будзем называць імёны будучых прэзыдэнтаў і будзем іх выбіраць.

А напрыканцы мой асабісты верш да кастрычніцкіх угодкаў. Ён можа недасканалы, але шчыры.

Не магу зразумець той далёкі, Той крывавы сямнаццаты год. Незагойныя болі апёкі І да сёньня трывае народ.

Правадыр заклікаў праз напасьці, Усіх наперад да сьветлага вёў. А навошта нам горкае шчасьце На магілах нашых дзядоў?

Зараз кажуць: “Памылка. Спазналі. Лад зламаем! Будуем ізноў!” А мо спынімся, паразважаем На магілах нашых дзядоў?

Ці патрэбны нам зноў ГУЛАГі, Ці патрэбны нам прывіды зноў? “Мо ня тое шчасьце шукаем?” – Запытаемся ў нашых дзядоў.

Хопіць! Зьведалі розныя мукі! Можа спынім правадыроў! Не раскаяцца б нашым унукам На заўчасных магілах дзядоў”.

(Лусевіч Міхаіл:) “Добрай раніцы, Радыё Свабода! Вы даволі часта задаеце пытаньне аб якасьці вашай працы. Дык я адказваю. Якасьць вашай працы вельмі-вельмі незадавальняючая. Я ня ведаю з чым гэта зьвязанае, але вось што я заўважыў. Ад часу прыняцьця “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” прыняць Радыё Свабода у сваёй кватэры я фактычна не магу. Жыву я ў Лідзе. Зрабіць званок на аўтаадказьнік у нядзелю было проста немагчыма, увесь час зрывалася. Вось такая якасьць вашай працы, хаця вы абяцалі вялікае паляпшэньне ў лепшы бок. Дзякуй.”

(Спадар: ) “Зноў паўстае пытаньне. Зь кім вы, дзеячы культуры? І зноў як заўсёды і ўсюды гучыць нягучны адказ: “З уладай”. Дзеячы культуры абслугоўваюць уладу дыктатарскага рэжыму. Толькі адзінкі, дысыдэнты ад літаратуры і мастацтва, знаходзяць у сябе моц і мужнасьць выказаць сваю нязгоду, сваю пазыцыю, пазыцыю самаахвяраваньня. Надвор’я гэтыя рэдкія ластаўкі ня робяць, але могуць быць таталізатарам грамадзкіх працэсаў. Узгадайце лёс пісьменьнікаў: Барыса Пастэрнака, Андрэя Сіняўскага, Юлія Даніэля. Дыктатура – гэта свабода дзеля аднаго. Дэмакратыя – свабода дзеля ўсіх”.

(Спадарыня: ) “Маё ранішняе прывітаньне працаўнікам Радыё Свабода. Хаця вы і вяшчаеце на незразумелай дрымучай мове беларускай, якую амаль што ніхто ня ведае, але карысьць нейкую можна атрымаць, у прыватнасьці мы тут запісваем прозьвішчы беларускіх іўдаў, якія ня любяць ні свайго народу, ні сваю дзяржаву, а служаць дыктатару і фашысту Бушу, якія за даляры гатовыя прадаць усё. Дык вось гэтыя прозьвішчы, якія мы запісваем, мы будзем ведаць і ніколі ня будзем за іх галасаваць. Яны ірвуцца да ўлады ўсякім чынам абы толькі захапіць яе.

А вам пажадаем далей працаваць у тым жа духу – чарніць нашага прэзыдэнта. Чым больш вы будзеце чарніць яго, тым больш народ наш будзе цаніць яго. Вам засталося толькі падглядзець, як жа Лукашэнка спражняецца ў тувалеце, так як Буш ці горш. Таму што вы ўжо ўсё, што магчыма, валіце на яго. Вам ня сорамна, бо сумленьня ў вас ніякага няма”.

(Мікола Саскевіч: ) “Я пачуў пра грошы, якія даслалі людзям у Бэслан. Хачу, каб дзеці і людзі з Бэслану ведалі, што гэтыя грошы вам даслаў не Лукашэнка, а гэтыя грошы ў нас зьбіралі ў школах па ўсёй Беларусі. Так што грошы гэтыя дасылалі шчыра вам нашыя дзеці і іхныя бацькі! Дзякуй за ўвагу”.
XS
SM
MD
LG