Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прымушае дзяўчат са Сьветлагорску займацца прыдарожнай прастытуцыяй?


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск Паварот на Сьветлагорск з шашы Рэчыца-Бабруйск мясцовыя жыхары ды кіроўцы аўтамашын празвалі “перакрыжаваньнем каханьня”. Сюды са Сьветлагорску штодня прыходзяць жанчыны “лёгкіх паводзінаў”, каб прапанаваць свае паслугі любому ахвочаму падарожніку. Што прымушае жанчын да такога занятку, высьвятляў наш гомельскі карэспандэнт.

Невысокую маладую жанчыну ў жоўтай стыльнай куртцы заўважаю здалёк.

З рэчаў у яе толькі невялікая дамская сумачка на плячы.

Як толькі легкавік спыніўся, жанчына адразу рушыла ў наш бок.

Паказваю пасьведчаньне Беларускай службы радыё Свабода і дамаўляюся на ўмовах ананімнасьці на інтэрвію:

(Жанчына: ) “Дзяўчаты прыходзяць на трасу стаяць, дакладней, працаваць, можна і так сказаць”.

(Карэспандэнт: ) “А што прымушае дзяўчат прыходзіць сюды?”

(Жанчына: ) “Беспрацоўе. Горад малады, шмат моладзі, а з працаю вельмі цяжка. І каб не ісьці красьці ці здабываць грошы іншым злачынным шляхам, даводзіцца дзяўчатам сюды прыходзіць. У многіх жа ёсьць дзеці, іх трэба карміць”.

(Карэспандэнт: ) “На якіх умовах дзяўчаты пагаджаюцца сесьці ў аўтамабіль?”

(Жанчына: ) “Многія ведаюць, чаму тут стаяць дзяўчаты. Ведаюць ужо і кошт, пад`яжджаюць і забіраюць дзяўчат”.

(Карэспандэнт: ) “Можаце назваць кошт?”

(Жанчына: ) “10-15 тысячаў беларускіх рублёў”.

Маёй суразмоўніцы – 28 гадоў. З родных ў яе застаўся толькі бацька-п’яніца. Мужа няма, але ёсьць дзіця. Занятак прастытуцыяй па сутнасьці галоўны спосаб выжываньня.

(Жанчына: ) “Працавала я на рынку гандляркай. Вучылася на гандлярку. Я працавала ў сярэдзіне 90-х гадоў. Тады былі падаткі не такія. Было нашмат прасьцей. Людзі былі багацейшымі. Прынамсі, я працавала і ведала, што маю грошы. Цяпер за капейкі працаваць – проста не выжывеш. Таму даводзіцца сюды прыходзіць”.

Такім самым чынам зарабляюць сабе на жыцьцё многія дзяўчаты са Сьветлагорску.

Цікаўлюся ў намесьніцы старшыні мясцовага райвыканкаму Валянціны Кавалёвай наконт таго, што робяць улады, каб неяк абмежаваць пашырэньне прыдарожнай прастытуцыі? Тым больш, у горадзе, дзе вялікі распаўсюд мае ВІЧ-інфэкцыя.

(Кавалёва: ) “Стаяць пры шашы далёка ня тыя, хто хоча ісьці на працу, хто хоча займацца нармальнай рэальнай працай. Тое, што яны працуюць – не працуюць, гэта так сабе. Аднак самая вялікая праблема ў тым, што у большасьці сваёй гэтыя дзяўчаты ВІЧ-інфікаваныя”, – кажа намесьніца старшыні райвыканкаму спадарыня Кавалёва, дарэчы, нядаўна абраная дэпутатам парлямэнту.

Паводле Кавалёвай, праблему трэба вырашаць на вышэйшым узроўні. Патрэбны адпаведныя законы. Цяпер жа падобнымі сацыяльнымі пытаньнямі займаюцца пераважна органы ўнутраных спраў.
XS
SM
MD
LG