Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЗС Беларусі пазбавіла акрэдытацыі групу францускага тэлебачаньня


Юры Сьвірко, Менск Маскоўскае бюро францускага тэлеканалу TF1 заяўляе, што ягоная група адмовілася здаць акрэдытацыйныя пасьведчаньні, бо ня ведала, на якой падставе ім скасавалі акрэдытацыю. Тэлеапэратар TF1 абвінавачвае беларускія ўлады ў крадзяжы.

Беларускае міністэрства замежных справаў пазбавіла акрэдытацыі чатырох супрацоўнікаў францускага тэлеканалу TF1, трох зь якіх затрымалі ў Менску ўвечары 5 лістапада.

Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных на пытаньне, за што журналістаў пазбавілі акрэдытацыі ды на падставе якой інфармацыі, адказаў гэтак:

(Савіных: ) “За дзейнасьць, якая супярэчыць прынцыпам аб’ектыўнай журналістыкі. Атрымалі інфармацыю, натуральна, з кампэтэнтных органаў”.

Гэтыя органы спадар Савіных назваць адмовіўся.

Паводле МЗС, здымачная група францускага тэлеканалу мела часовую акрэдытацыю ў Беларусі ад 3 лістапада. Два сябры групы TF1 маюць расейскае грамадзянства – гэта Аляксей Акулаў, які ў Менск ня езьдзіў, і Алена Дабах, тэлеапэратар Тэймураз Габашвілі – грамадзянін Грузіі, а француз – карэспандэнт Гацье Рыбінскі. На просьбу расказаць, як іх затрымалі, спадар Рыбінскі даў толькі такі адказ:

(Рыбінскі: ) “Затрымалі – гэта вялікае слова, але непрыемнасьці мы мелі”.

Гэтыя непрыемнасьці здарыліся са здымачнай групай пасьля таго, як яна зьняла на відэакамэру тое, як актывiсты моладзевага руху "Зубр" увечары ў пятніцу вывешвалi на чыгуначным мосьце ў Менску расьцяжку “Лукашэнка прайграў”.

Паводле тэлеапэратара TF1 Тэймураза Габашвілі, спачатку яны зьнялі, як у Віцебску на вакзале жыве Валеры Шчукін, потым – як у Менску на прыватнай кватэры працуе Коласаўскі ліцэй, далей быў эпізод з расьцяжкай, а потым яны глядзелі, як людзям на вуліцы раздаюць буклеты. У гэты момант тэлекамэра ўжо была выключаная, але раптам групу затрымалі двое невядомых у цывільным:

(Габашвілі: ) “Людзі ў цывільным – двое такіх саплякоў абсалютных – адвялі нас да машыны, павезьлі… Мы пыталіся ў іх імёны, прозьвішчы – яны нам нічога не адказалі. Той, які прадставіўся Лёшай, аказаўся Сяргеем. Ані дакумэнтаў, анічога не паказалі, ня склалі акт пра канфіскацыю касэты”.

Пасьля таго, як група затрыманьня павялічылася да чалавек 12-ці і да справы далучыліся міліцыянты Маскоўскага раёну Менску, журналістаў выклікалі ў беларускае МЗС і абвясьцілі, што больш яны працаваць у Беларусі ня маюць права.

На пытаньне пра падставу гэтага рашэньня супрацоўнік МЗС адказаць адмовіўся, запрасіўшы журналістаў прыйсьці ў панядзелак. Тады яны адмовіліся аддаць свае акрэдытацыйныя пасьведчаньні й зьехалі ў Маскву.

Тэймураз Габашвілі ахарактарызаваў дзеяньні беларускіх уладаў гэтак:

(Габашвілі: ) “Увогуле, яны проста скралі ў нас відэакасэту – будзем казаць адкрыта. Камэру не пашкодзілі, больш гадасьцяў не зрабілі, але гадасьць у тым, што яны проста сьпёрлі касэту”.
XS
SM
MD
LG