Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпер і “Белсаюздрук” адмовіў “ARCHE”


Алесь Дашчынскі, Менск Усьлед за “Белкнігай” прадпрыемства “Белсаюздрук” праінфармавала рэдакцыю часопіса “ARCHE-Пачатак” аб датэрміновым скасаваньні дамовы на распаўсюд выданьня. "Гэта азначае, што цяпер у Беларусі вынішчаецца ня толькі ўсялякая палітычная, але і культурная альтэрнатыва” - сказаў Радыё Свабода Андрэй Дынько.

У распараджэньні рэспубліканскага прадпрыемства міністэрства інфармацыі “Белсаюздрук” гаворыцца, што дамова на распаўсюд часопіса “ARCHE -Пачатак”скасоўваецца з 2 сьнежня. Падпісаў распараджэньне дырэктар “Белсаюздруку” Міхаіл Падгайны.

Паводле яго, прычына ў тым, што “ARCHE-Пачатак” дрэнна разыходзіцца і таму, маўляў, яго наагул нельга браць на продаж.

(Падгайны: ) “Справа ў тым, што мы не рэалізуем самі. У мяне толькі адна крама “Глёбус”, якая хутка адчыніцца. А ўсё астатняе – гэта з абласьцей. Яны мне штомесяц даюць інфармацыю, як рэалізуецца тое ці іншае выданьне. Па дамове ў мяне зь імі, калі рэалізацыя менш за 50 працэнтаў, то я скасоўваю дамову з рэдакцыямі газэт і часопісаў”.

Паводле спадара Падгайнага бываюць выпадкі, калі выданьне папярэджваецца пра зьніжэньне попыту і тады яно проста памяншае колькасьць нумароў для распаўсюду, як гэта было з тыднёвікам “Літаратура і мастацтва”.

У выпадку з часопісам “ARCHE-Пачатак” такой магчымасьці не будзе.

Заснавальнік “ARCHE-Пачатак” Андрэй Дынько не пагаджаецца з тлумачэньнямі кіраўніка “Белсаюздруку” Міхаіла Падгайнага.

(Дынько: ) “Я параю яму ўзяць раздрукоўкі са сьпісаньнямі часопіса “Архэ” і ўбачыць, што за 6 гадоў, пакуль выдаецца і прадаецца часопіс, ён быў адзіным літаратурным часопісам, сьпісаньне якога вагалася ў межах ад 10 да 30 працэнтаў.

Усё насамрэч ясна, на гэта ёсьць загад зьверху”.

Паводле Андрэя Дынько, “Белсаюздрук” ня першы ў такіх дзеяньнях. Спачатку скасавала дамову на продаж “ARCHE” прадпрыемства “Белкніга” і ўсе кнігарні, якія ад яе залежаць.

(Дынько: ) “Тым самым часопіс заганяюць у падпольле. У часопіса адсякаюцца шляхі для распаўсюду, праз якія прадавалася 80 працэнтаў тыражу. Гэта кепскі знак, калі інтэлектуальнае выданьне змушанае выдавацца ў падпольлі. Гэта азначае, што цяпер у Беларусі вынішчаецца ня толькі ўсялякая палітычная, але і культурная альтэрнатыва”.
XS
SM
MD
LG