Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе Галіны Жураўковай яшчэ адзін з кіраўнікоў адмовіўся ад паказаньняў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы кіраўнік прадпрыемства “Белая Русь” Віктар Асіпенка не прызнае, што разам з Галінай Жураўковай атрымліваў незаконныя адлічэньні ад кантрактаў фірмы. Незалежныя назіральнікі не выключаюць, што справа Галіны Жураўковай і яе саўдзельнікаў гэтак і ня будзе даведзеная да прысуду.

Усьлед за былой кіраўніцай справаў прэзыдэнта Галінай Жураўковай заявіў аб непрызнаньні сваёй віны і былы дырэктар прадпрыемства “Белая Русь” Віктар Асіпенка. Ён адмыслова папрасіў слова і сказаў, што ніколі не атрымліваў ніякіх незаконных грошай ад фірмаў, зь якімі “Белая Русь” мела кантракты, а зьвесткі сьледзтва на гэты конт нібыта непраўдзівыя.

Нагадаю, сьледзтва сьцвярджае, што Асіпенка меў 10 адсоткаў ад незаконных адлічэньняў. А ўсяго кіраўнікі “Белай Русі” атрымалі больш за 2 мільёны даляраў ад розных партнэраў фірмы. З гэтых грошай большая частка дасталася Жураўковай ды яе падначаленым Матусевічу і Мурашку, заяўляе сьледзтва, спасылаючыся на паказаньні гэтых асобаў.

Аднак Галіна Жураўкова ад былых паказаньняў ужо адмовілася. Пра сваю невінаватасьць заявіў і Віктар Асіпенка. Ён сьцвярджае, што “доказаў атрыманьня і разьмеркаваньня грошай ў сьледзтва няма, таму казаць пра гэта ў судзе немагчыма”.

Ці не азначаюць падзеі на працэсе над Галінай Жураўковай спробу разбурыць гучную карупцыйную справу? Былы супрацоўнік КГБ журналіст Сяргей Аніська прытрымліваецца менавіта такой вэрсіі. Ён лічыць, што адмова абвінавачаных ад ранейшых прызнаньняў мае за мэту новае расьсьледаваньне зь іншымі судовымі пэрспэктывамі.

(Аніська: ) “Новае расьсьледаваньне не пацьвердзіць матэрыялаў дадзенай справы, у выніку ў найлепшым выпадку адказнасьць будзе перакладзеная на іншых нязначных асобаў, а вялікіх фігураў у прысудзе ўжо ня будзе”.

Прадстаўнік пракуратуры на працэсе не камэнтуе падзеі ў судзе. У тым ліку і тое, што некаторыя сьведкі на выклік не зьяўляюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG