Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 21-ы дзень галоўны рэдактар “Местной газеты” спыніў галадоўку


Альгерд Невяроўскі, Менск Галоўны рэдактар ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч 9 лістапада спыніў галадоўку пратэсту, якая доўжылася 21 дзень. Спадар Шантаровіч прыслухаўся да звароту кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў і галоўных рэдактараў 16 незалежных газэтаў, якія заклікалі яго спыніць галадаваньне й паберагчы сілы для журналісцкай працы.

9 лістапада Андрэй Шантаровіч, які пратэставаў супраць прыпыненьня выхаду на месяц ягонай “Местной газеты” і патрабаваў ад уладаў дазволу на разьмяшчэньне рэдакцыі ў Ваўкавыску, спыніў галадаваньне. У інтэрвію беларускай “Свабодзе” ён так патлумачыў сваё рашэньне:

(Шантаровіч: ) “Я проста ня бачу ў яе працягу сэнсу. У мяне рэзка пагоршылася здароўе, праз тыдзень мне быццам бы дазволілі выпусьціць нумар газэты. Я думаю, што калі зусім павалюся, то не змагу яго зрабіць такім, якім хачу. Я хачу ў ім напісаць пра ўсё, што адбылося ў апошні час, чаму я галадаваў. Дагэтуль улады не паспрабавалі са мной гаварыць. Учора апошняя кропля – калі старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў пайшла да міністра інфармацыі й ёй сказалі, што нават у плянах няма такой размовы. Ні зь ёй, ні са мной, ні з кім. Я думаю, што трэба працаваць словам. Рэсурсы галадоўкі ўжо сябе вычарпалі”.

Учора да галоўнага рэдактара “Местной газеты” зьвярнуліся кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама рэдактары 16 цэнтральных і рэгіянальных СМІ з просьбаю спыніць галадоўку, каб зьберагчы жыцьцё й працаздольнасьць. Андрэй Шантаровіч да просьбы сваіх калегаў прыслухаўся. 9 лістапада рэдактар распаўсюдзіў зварот да журналістаў і чытачоў “Местной газеты”, у якім патлумачыў мэту свайго рашэньня, а таксама падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго падчас галадоўкі.
XS
SM
MD
LG