Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у Беларусі антысэмітызм?


Ганна Соусь, Менск 9 лістапада ў сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень барацьбы з фашызмам і антысэмітызмам. Старшыня юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Юры Дорн ня можа згадаць, калі ў Беларусі хто-небудзь быў пакараны за праявы антысэмітызму, а прадстаўнік камітэту ў справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Уладзімір Ламека сьцьвярджае, што ў Беларусі антысэмітызму няма.

Напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з фашызмам і антысэмітызмам у Берасьці быў апаганены мэмарыял ахвярам Галакосту – невядомыя вандалы спалілі вянкі, раскідалі жывыя кветкі, а таксама пашкодзілі зорку Давіда на помніку.

Мэмарыял ахвярам Галакосту, усталяваны ў 1992 годзе, быў апаганены ўжо пяць разоў, і ніхто з вандалаў ня быў пакараны. Гаворыць старшыня беларускага юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Юры Дорн.

(Дорн: ) “Я ня чуў, каб нехта быў пакараны, што тычыцца спробаў падпалу сынагогаў, і нават ажыцьцяўленьня падпалаў сынагогаў, якія былі ў нас на працягу апошніх сямі гадоў. Я ня чуў, каб былі знойдзеныя злачынцы, якія два гады таму на мэмарыяле “Яма” намалявалі свастыку. Невядомыя выпадкі, калі паводле фактаў вандалізму ў Барысаве, у Беразіне, у Віцебску былі знойдзеныя злачынцы. Я не магу сказаць, што іх не шукаюць, але праблема ў тым, што няма вынікаў”.

Паводле старшыні юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Юр’я Дорна, дзяржаўнага антысэмітызму ў Беларусі няма, але ён існуе на пабытовым узроўні. Ёсьць праявы антысэмітызму з боку пэўных асобаў. Тым ня менш Юры Дорн лічыць, што ў гэтым пытаньні беларускае грамадзтва больш талерантнае ў параўнаньні з суседнімі Расеяй і Ўкраінай.

А вось меркаваньне намесьніка старшыні Камітэту ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў Уладзімера Ламекі.

(Ламека: ) “Я лічу, як чыноўнік, і адкрыта гавару, што няма ў нас антысэмітызму і быць ня можа, пачынаючы ад кіраўніка дзяржавы і ўраду ўсё робіцца магчымае дзеля таго, каб быў міжканфэсійны, міжнацыянальны мір, лучнасьць і згода”.
XS
SM
MD
LG