Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 9 лістапада


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 9 лістапада

Вітаю сталых і, спадзяюся, новых слухачоў Беларускай Свабоды! Сёньня аўторак, 9 лістапада. Што ж пісалі беларускія газэты ў гэты дзень у розныя гады мінулага?

“Наша Ніва” на гэтым тыдні 1914 году паведамляе зь Меншчыны: “29 кастрычніка на валасным сходзе у Зьмітравічах, Барысаўскага павету, сабраўшыеся сяляне-беларусы пастанавілі як адзін чалавек выдаць з запаснога валаснога магазыну 150 пудоў збожа для пацярпеўшых ад вайны селян у Польшчы, пры чым, калі-б не ўдалося перэвязьці гэта збожэ, то селяне вышлюць грашыма. Адзін с селяноў у сваей прамове сказаў, што польскія селяне “такіе-ж, як і мы, памагчы ім трэба, бо і нам яны б напэўна памаглі, калі-б нас сустрэла такое няшчасьце”.

“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1954 году пад загалоўкам “Пісьменьнікі ці брыгадзіры?” гэтак адгукаецца на ІІІ зьезд беларускіх пісьменьнікаў: “Свой даклад аб беларускай літаратуры між двума рэспубліканскімі зьездамі старшыня праўленьня Саюзу савецкіх пісьменьнікаў Беларусі, тав. Пятрусь Броўка пачаў абабітым баналам пра “клопаты партыі і ўраду аб паляпшэньні жыцьця савецкага народу”, гымнам аб “самай ідэйнай, патрыятычнай і глыбоканароднай савецкай літаратуры” ды пахваламі “дасканаламу мэтаду сацыялістычнага рэалізму”. Падаем усё гэта дзеля паўніны вобразу, а не як навіну, бо ўжо пасьля другога зьезду пісьменьнікаў усім было ведама, што й наступны пачнецца з тае самае пласьцінкі”.

На старонках “Свободных новостей +” у 1994 годзе Генадзь Карпенка выказваецца: “…аб вэртыкалі. Я супраць зьбіраньня ўсёй улады ў адных руках. Тым больш калі гэта насаджаецца шляхам юрыдычнай абракадабры. Кіраўнікі выканаўчых органаў улады мусяць выбірацца простым тайным галасаваньнем грамадзян на месцах… Калі гэта мэр гораду — выбіраюць грамадзяне і г.д. І ня трэба зьдзекавацца з Канстытуцыі. Пра якое самакіраваньне можна казаць, калі кіраўніцтва ўладарных структураў будзе прызначацца клеркамі з прэзыдэнцкай адміністрацыі? Нонсэнс”.
XS
SM
MD
LG