Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі клапоцяцца пра сваякоў загіблых грамадзянаў Расеі


Галіна Абакунчык, Менск Улады Беларусі накіравалі сваякам ахвяраў трагедыі ў расейскім горадзе Бэслан па тысячы даляраў кампэнсацыі за кожнага загіблага. Акрамя таго, пацярпелым расейскім школьнікам быў падараваны аўтобус вытворчасьці менскага аўтазаводу. А ці атрымоўваюць матэрыяльную дапамогу ад сваіх уладаў грамадзяне Беларусі, якія загінулі ў надзвычайных абставінах?

Як вядома, найбуйнейшымі трагедыямі апошняга часу ў Беларусі сталася гібель людзей у цісканіне на станцыі мэтро Няміга, пажар у доме-інтэрнаце на Дзятлаўшчыне, а таксама ў часе абвалу ў Краснапольскай школе, што на Магілёўшчыне. У доме-інтэрнаце загінуў 31 чалавек, у школе – адзін дарослы й трое дзяцей, а на Нямізе – 53 чалавекі рознага веку, пераважна моладзь.

Зь іх кампэнсацыю ў 20 мільёнаў беларускіх рублёў – гэта каля 9 тысячаў даляраў на ўсіх пацярпелых – атрымалі ў Краснапольлі. На Дзятлаўшчыне не было й гэтых выплатаў, акрамя выдаткаў на пахаваньне людзей. Тое ж было й у справе зь Нямігаю – моладзь была пахаваная за кошт дзяржавы. Але некалькі сем’яў – як мы пра гэта паведамлялі раней – спрабавалі даказаць вінаватасьць уладаў і асобных чыноўнікаў у масавай гібелі людзей і запатрабаваць ад іх выплатаў за кожнае жыцьцё прыкладна па 50 тысячаў даляраў.

Судовыя разьбіральніцтвы доўжыліся не адзін год, але ў выніку Вярхоўны суд краіны паставіў апошнюю кропку, адмовіўшы ў гэтых патрабаваньнях. Натальля Навакоўская, якая страціла на Нямізе дачку, была адной з тых, хто спрабаваў дамагчыся справядлівасьці. Вось што яна сказала ў інтэрвію Свабодзе:

(Навакоўская: ) “У гэтым сваю ролю мела выказваньне прэзыдэнта, які на трэці дзень сказаў, што яму ўсё зразумела, што ніхто не вінаваты. І выплатаў ніякіх не павінна быць. Больш за ўсё крыўдзіць ня тое, што нам не далі грошай, а што з высокіх трыбунаў гаворыцца, што ў нас людзі абароненыя, што ў нас няма тэрактаў і ніхто ня гіне. А пра Нямігу забылі й нават ніхто ня ўзгадвае”.

Былі выпадкі, калі дзяржава ўсё ж кампэнсавала страту чальца сям’і. Наколькі шмат такіх выпадкаў, можна меркаваць з такой лічбы, што толькі летась і толькі на вытворчасьці загінула 239 чалавек. Інвалідамі становіцца ўтрая больш. Акрамя таго, штогод гвалтоўную сьмерць знаходзяць салдаты тэрміновай службы, але толькі адзінкі сярод іхных сваякоў спрабуюць атрымаць кампэнсацыю ці атрымоўваюць яе.

Да прыкладу, добравядомая справа пра гібель салдата ў адной з вайсковых частак Смаргоні, калі ён быў застрэлены куляй са зьмешчаным цэнтрам цяжкасьці. Маці гэтага хлопца прайшла шматлікія суды, але так і ня здолела даказаць гэты факт і атрымаць матэрыяльную й маральную кампэнсацыю.

На Берасьцейшчыне быў выпадак, калі вайскоўцы забілі хлапчука, які надзвычай блізка падышоў да нейкага вайсковага аб’екту. Ізноў жа праз суды, але там бацькі атрымалі ад Мінабароны кампэнсацыю, блізкую да тысячы даляраў. Таксама агульнавядомы факт, калі машына былога кіраўніка Берасьцейшчыны Васіля Даўгалёва зьбіла маладую жанчыну, якая пакінула па сабе непаўнагадовае дзіця. Дык бацькі гэтай жанчыны атрымалі дапамогу толькі на пахаваньне, а дзіця – нейкі дадатак да сіроцкай пэнсіі.

Але гэткіх прыкладаў адзінкі, а толькі на Берасьцейшчыне, дзе шмат вайсковых частак, людзі гінуць часта. Пра гэта мне распавёў адзін зь мясцовых актывістаў праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзімер Вялічкін:

(Вялічкін: ) “Ніхто ня супраць дапамагчы, і кожны лічыць, што тое, што здарылася ў Бэслане – гэта ганебна, гэта недапушчальна. Але ў нашай кране шмат такіх выпадкаў, на якія патрэбныя грошы. І вельмі шкада, што ўлады маніпулююць сьвятымі пачуцьцямі людзей. Толькі, у нас, у Берасьці, сваіх такіх праблемаў вельмі шмат, але калі ў нас гінуць людзі, то чамусьці пра іх мала хто ўзгадвае”.
XS
SM
MD
LG