Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску дасьць адзіны канцэрт забаронены ў часы СССР гурт “Whitesnake”


Ігар Карней, Менск 9 лістапада ў Менск прыяжджаюць удзельнікі аднаго з культавых брытанскіх рок-калектываў – “Whitesnake”, пік папулярнасьці якога прыходзіцца на 80-я гады мінулага стагодзьдзя. Увечары нязьменны лідэр каманды Дэвід Кавэрдэйл сустрэнецца з журналістамі, а заўтра ў менскім Палацы спорту адбудзецца адзіны канцэрт музыкаў у рамках эўрапейскага туру “Live In The Still Of The Night”.

Летась Дэвід Кавэрдэйл адзначыў 30-годзьдзе творчай кар’еры, пачатак якой быў пакладзены ў 1973-м у гурце “Deep Purple”. У 1976-м Кавэрдэйл пакінуў знакаміты калектыў, заняўшыся сольнай кар’ерай. Ужо праз год крытыка вельмі прыхільна прыняла ягоны альбом “Whitesnake”, а неўзабаве з музыкаў, якія удзельнічалі ў запісе кружэлкі, была сфармаваная аднайменная каманда.

Ад таго часу склад “Белай зьмяі” шматразова мяняўся, але нязьменным заставаўся яе лідэр – Дэвід Кавэрдэйл, уладальнік унікальнага голасу, які прызнаны адным з лепшых у гісторыі рок-музыкі.

Да 1990 году “Whitesnake” запісаў 10 альбомаў, пасьля чаго дзейнасьць калектыву была прыпыненая. У 1993-м Кавэрдэйл зьдзейсьніў цікавы экспэрымэнт з Джымі Пэйджам (экс-“Led Zeppelin”); вынікам стаў сумесны дыск “Coverdale/Page”. Аднак у 1997-м музыкант зноў сабраў “Whitesnake”, і ў 2000-м выйшаў апошні на сёньняшні дзень іхны альбом “Into The Light”.

І вось пасьля некаторага зацішша рок-зоркі зноў на вялікай сцэне. У рамках эўрапейскага турнэ “Live In The Still Of The Night" на шляху да Беларусі гурт ужо з посьпехам адыграў у Нямеччыне, Галяндыі, Партугаліі, Гішпаніі і Балтыйскіх краінах. Сёньня ў суправаджэньні арганізатараў канцэрту ў Беларусі, прадусарскага цэнтру “Класс клуб Джаз Крафт”, “Белая зьмяя” Кавэрдэйла зробіць “кідок” зь Вільнюсу ў Менск.

Беларускія музыкі, якія ў бальшыні сваёй зьбіраюцца патрапіць на канцэрт жывой рок-легенды, міжволі прасочваюць такую тэндэнцыю. У 1970-1980-х гадах “Whitesnake” быў у ліку тых заходніх рок-гуртоў, якія фігуравалі ў ідэалягічных партыйных ды камсамольскіх інструкцыях арганізатарам масавых адпачынкаў – перадусім, дыскатэкаў. З прычыны двухсэнсоўнасьці (з гледзішча савецкіх ідэолягаў) назвы і “агрэсіўных” вокладкаў кружэлак “Белая зьмяя” лічылася для мэляманаў у СССР досыць небясьпечнай забавай.

Сёньня многія аматары “Whitesnake”, якія самі сталі рок-музыкамі, фактычна забароненыя ва ўласнай краіне. Сярод тых, каму нельга зьяўляцца ў тэле- і радыёэфірах, выходзіць на канцэртныя пляцоўкі – Аляксандар Кулінковіч, лідэр гурту “Нэйра Дзюбель”. Але ў падобнай сытуацыі Кулінковіч мае адзін рэцэпт ад хандры – працаваць, не зважаючы на часовыя нязручнасьці, як у свой час гэта рабіў той жа Дэвід Кавэрдэйл.

(Кулінковіч: ) “Працягваць працаваць – адзінае, што могуць зрабіць у такой сытуацыі музыкі. Натуральна, мы будзем браць удзел у якіхсьці акцыях, на якія нас будуць запрашаць, выказваць сваё меркаваньне, сваю пазыцыю – ня ў песьнях, а проста грамадзянскую пазыцыю. І працягваць жыць, складаць песьні, дзесьці граць, спрабаваць нейкім чынам гэтыя песьні данесьці. І гэта будзе найлепей. Калі хтосьці зараз апусьціць рукі – гэта будзе нашмат горш. А ў дадзеным выпадку ня йдзе гаворка ні пра якую цэнзуру, ні пра барацьбу за маральнасьць. Гурты, якія таго захочуць, будуць прапагандаваць і гвалт, і сэкс, і шмат што іншае”.

Прыезд у Беларусь адной з “зорак” музычнага рок-небасхілу 1970-1980-х гадоў працягвае практыку запозьненых сустрэчаў мэляманаў са сваімі кумірамі. У Менску цягам апошніх гадоў выступалі ўжо немаладыя Роберт Плант, “Nazareth”, “Scorpions”, “Sweet”, “Deep Purple”. Надыйшла чарга і Дэвіда Кавэрдэйла.

На здымку: Дэвід Кавэрдэйл
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG