Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму жыхары польскай сталіцы такія шчасьлівыя?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Паводле апошніх дасьледаваньняў, пераважная большасьць жыхароў Варшавы адчуваюць сябе шчасьлівымі. Выявілася, што ў вялікіх гарадох увогуле больш людзей маюць пачуцьцё шчасьця, а ўплываюць на гэта нават такія, здавалася б, нязначныя рэчы, як магчымасьць простага доступу да крамы.

Пачну адразу зь лічбы: паводле дасьледаваньняў, зьмешчаных у новай кнізе “Грамадзкая мапа Варшавы”, якая, дарэчы налічвае амаль паўтысячы старонак, шчасьлівымі адчуваюць сябе больш за 80% жыхароў польскай сталіцы. Гэта абсалютна супярэчыць распаўсюджаным меркаваньням аб тым, што жыхары вялікіх мэтраполіяў звычайна стомленыя ад сталічнага жыцьця і хацелі б жыць у ціхіх невялікіх мястэчках.

Паводле аднаго з аўтараў кнігі, прафэсара Януша Гжэляка, вялікае значэньне ў прысутнасьці ці адсутнасьці пачуцьця шчасьця мае тое, ці жывем мы ў горадзе і як мы там жывем. Калі казаць пра якасьць жыцьця ў горадзе, дык тут важныя, напрыклад, памер кватэры, блізкасьць крамаў ды прадпрыемстваў сфэры паслугаў, магчымасьць уплыву на прадстаўнікоў самакіраваньня, колькасьць сяброў і тое, які характар маюць суседзі.

Адметна, што дасьледчыкі – навукоўцы з Варшаўскага унівэрсытэту – кажуць, што ўсё часьцей сацыяльныя выгоды становяцца для людзей ня менш істотнымі, чым выгоды эканамічныя. Важна ня толькі тое, што маеш грошы, але й тое, як да цябе ставяцца ў розных сытуацыях – у краме, кіно ці ў дзяржаўнай установе. Аказалася, што з гэтым у Варшаве значна лепш, чым у малых гарадох.

Прафэсар Гжэляк адзначае, што прыкладна палова жыхароў цяперашняй Варшавы ў гэтым горадзе не нарадзіліся, а прыехалі ў сталіцу ў пошуках лепшага жыцьця. А ў сталіцы знайсьці адносна добрую працу, зарабіць на жытло і знайсьці сяброў значна лягчэй, чым у правінцыі. Прынамсі, большасьць прыежджых гэтых галоўных трох рэчаў дасягае, і тады... гэтыя людзі папросту адчуваюць сябе шчасьлівымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG