Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палачане адзначылі 121 ўгодкі Власта пад дубам, што носіць ягонае імя


Вінцэсь Мудроў, Полацак Увечары 8 лістапада ля стогадовага дуба, што расьце ў цэнтры Полацка, сабраўся людзкі гурт. Там гучалі вершы й словы пашаны на адрас Вацлава Ластоўскага – аднаго з апосталаў беларускага нацыянальнага адраджэньня. Гэтак палачане адзначылі 121-я ўгодкі са дня яго народзінаў.

Падобна на тое, што адзначэньне ў Полацку дзён народзінаў Вацлава Ластоўскага робіцца традыцыйным. Летась, у 120-я ўгодкі Власта, адбылася сымбалічная дзея наданьня ягонага імя старому дубу. Сёлета, 8 лістапада, да стогадовага волата зноў прыйшлі людзі, каб ушанаваць памяць вялікага крывіча.

На адрас апостала нацыянальнага адраджэньня было сказана шмат добрых словаў. З-за недахопу часу згадаю толькі трапныя словы літаратаркі Леры Сом, якая заўважыла, што з маленькага жолуда вырастае вялізнае дрэва, а чалавек тым часам можа нарадзіць вялікую ідэю, якая карэніцца ў глыбінях гісторыі і становіцца з часам грунтам, на якім паўстае нацыя.

Звычайна ў якасьці падобных памятных знакаў выкарыстоўваюць камяні. Чаму ў дадзеным выпадку было абранае дрэва? Гэтае пытаньне я задаў полацкаму літаратару Алесю Аркушу. Вось што ён адказаў:

(Аркуш: ) “Старыя дубы ў крывічоў заўсёды былі сакральнаю зьяваю, сымбалем непераможнасьці й трываласьці. Таму мы летась, у 120-я ўгодкі зь дня нараджэньня Вацлава Ластоўскага, надалі ягонае імя дубу, што расьце ў цэнтры старажытнай крыўскай сталіцы. Тады ж было вырашана штогоду зьбірацца тут на дзень нараджэньня Власта, каб, такім чынам, увесьці ягонае імя ў кантэкст сучаснасьці”.

Дадамо таксама, што сёлета дуб Ластоўскага ўнесены ў полацкі турыстычны даведнік. Прагучала на імпрэзе і адна цікавая прапанова, а менавіта: усталяваць памятны знак у тым месцы, дзе, паводле Ластоўскага, мясьціўся ўваход у славуты полацкі падземны лябірынт…

Пра гэта ён пісаў у сваёй фантастычнай аповесьці “Лябірынты”. Прычым аўтар пакінуў дакладныя каардынаты гэтага самага ўваходу. Знаходзіўся ён на полацкім Верхнім замку, у левым вугле Базыльянскага кляштару. За часамі, калі Ластоўскі ўпершыню наведаў Полацак, кляштар ляжаў у руінах і, блукаючы па іх, будучы аўтар “Лябірынтаў” відавочна прыгледзеў атвор, падобны да ўваходу ў падземныя лёхі. Ён і ўзбунтаваў творчую фантазію маладога Вацлава. Кляштар быў канчаткова зьнесены ў 1910 годзе, але вызначыць тое месца, дзе быў левы вугал будынку, ня так і цяжка.

Кансалідаваную думку прысутных выказаў удзельнік імпрэзы, прафэсійны гісторык Уладзімер Лобач:

(Лобач: ) “Ідэя ўганараваць памяць вялікага Власта знакам на замчышчы, знакам сымбалічнага ўваходу ў лябірынты, адкрытыя ім для нас – ідэя ня толькі вартая, але гэта ідэя, якая патрабуе сваёй найбліжэйшай рэалізацыі”.

Застаецца толькі пажадаць палачанам посьпеху ў іхных памкненьнях. Калі такі знак зьявіцца, гэта будзе першая ў Беларусі мэмарыяльная памятка асобнаму літаратурнаму твору.
XS
SM
MD
LG